307

У крымінальнай справе аб «парушэньні грамадзкага парадку» апытваюць 450 чалавек,— сьведка

20.07.2020 Крыніца: Радыё Свабода

Журналістка тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева расказала на Facebook пра тое, як прайшоў яе допыт 20 ліпеня.

Як сказаў сьледчы, піша яна, у справе паводле арт. 342 КК («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») апытваюць звыш 450 чалавек.

У час допыту яе пыталіся, ці не дапамагала яна адбіваць затрыманых у міліцыі, ці выкрыквала лёзунгі. Таксама прасілі апісаць тэхніку, празь якую яна вяла жывы эфір, назваць імя ейнага рэдактара. Яна сьцьвярджае, што пратакол ейнага допыту «гучыць прыблізна як „не видел, не состоял, не привлекался“». Даць тэлефон на агляд яна адмовілася, падпіску аб невыдаваньні зь яе ня бралі, ціску не чынілі.

Сьледчы камітэт Беларусі раней паведамляў, што выявіў «неаднаразовыя факты ўжываньня гвалту да супрацоўнікаў АМАП», гэтым супрацоўнікам нібыта нанесьлі «траўмы рознай ступені цяжкасьці», некаторыя працягваюць знаходзіцца на лячэньні. ​

У дадатак да ранейшай справы паводле арт. 342 КК завялі таксама справы за «супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных справаў» і «гвалт да супрацоўніка органаў унутраных справаў» (артыкулы 363 і 364 КК). Паводле апошніх затрымалі чатырох мужчын, «выявілі іх датычнасьць» да справы паводле артыкулу 342 і прызналі падазраванымі. Паводле «Вясны», імя аднаго з затрыманых 14 ліпеня — Антон Шумаў.

Вечарам 14 ліпеня ў Менску і іншых гарадах Беларусі (у тым ліку ў Гомлі, Берасьці, Горадні, Бабруйску, Салігорску, Стоўпцах, Пружане) людзі выйшлі на вуліцы пасьля адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Праваабаронцы налічылі звыш 300 затрыманых (у тым ліку 14 журналістаў) падчас пратэстаў 14 ліпеня ў розных гарадах Беларусі. На сама меней 115 менчукоў склалі пратаколы.

Начальнік ГУУС Менгарвыканкаму Іван Кубракоў заявіў, што гэта грамадзяне «спрабавалі справакаваць бойку з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў». Паводле яго, супрацоўнікі органаў унутраных спраў «праводзілі тлумачальную працу», калі ў цэнтры Менску «сабраліся каля 2000 грамадзян».

Затрыманьні адбываліся і 15 ліпеня, калі пад Цэнтральнай выбарчай камісіяй сабралася чарга ахвочых падаць скаргі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!