НЕ - ВАЙНЕ!
409

У Кіеве загінула журналістка выдання The Insider Аксана Бауліна

23.03.2022 Крыніца: Наша Ніва

Карэспандэнтка расійскага часопіса The Insider Аксана Бауліна трапіла пад абстрэл і загінула.

Разам з ёй загінула яшчэ адна цывільная асоба. Яшчэ два чалавекі, якія суправаджалі журналістку, параненыя і шпіталізаваныя.

Бауліна выконвала ў Кіеве рэдакцыйнае заданне, паведаміла яе выданне. Яна здымала разбурэнні пасля абстрэлу расійскімі войскамі Падольскага раёна Кіева і патрапіла пад новы ракетны абстрэл.

Да прыходу ў The Insider Аксана працавала ў «Фондзе барацьбы з карупцыяй» Аляксея Навальнага. Пасля ўнясення арганізацыі ў спіс экстрэмісцкіх яна вымушаная была з'ехаць з Расіі. У якасці карэспандэнта Аксана паехала ва Украіну, дзе паспела зрабіць некалькі рэпартажаў з Львова і Кіева.

Сярод іншага Аксана Бауліна супрацоўнічала з рускамоўнай рэдакцыяй «Белсата» «Вот Так».

Паведамляючы пра смерць Бауцінай, калегі Аксаны прадэкларавалі, што нягледзячы на гэта «мы працягнем асвятляць вайну ва Украіне, у тым ліку і такія ваенныя злачынствы Расіі, як выбіральныя абстрэлы жылых раёнаў, дзе гінуць мірныя жыхары і журналісты».

Гэта ўжо другая смерць журналіста ва Украіне, пра якую паведамілі СМІ 23 сакавіка. Раніцай Нацыянальны саюз журналістаў Украіны паведаміў пра тое, што ад мінамётнага абстрэлу загінуў Віктар Дзядоў, аператар мясцовага тэлеканала «Сігма» ў Марыупалі. Ён памёр у блакаваным горадзе 11 сакавіка…

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!