284

У Іванава пачаўся суд па справе карэспандэнта сайта “Першы Рэгіён” Сяргея Гардзіевіча

25.06.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Дыфамацыя

У судзе Іванаўскага раёна (Брэсцкая вобласць) 24 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы драгічынскага карэспандэнта сайта “Першы Рэгіён” Сяргея Гардзіевіча. Журналіста абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулаў: арт. 188 (паклёп), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Вядзе працэс суддзя Іванаўскага раёна Генадзь Кудласевіч.

Паводле дзяржаўнага абвінавачання, падставай для крымінальнай справы сталі паведамленні ў Viber-чаце “Реальный Дрогичин” у жніўні 2020 года з мэтай “публічна абразіць прадстаўнікоў ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў”. Аўтарам допісаў нібыта з’яўляецца Сяргей Гардзіевіч, а пацярпелымі па справе прызнаныя супрацоўнікі Драгічынскага РАУС Віталь Ківель і Юрый Чарнышкоў.

Згодна з высновамі эксперта, у гэтых паведамленнях, “змяшчаецца негатыўная ацэнка групы асоб” і такім чынам Сяргей Гардзіевіч абразіў прадстаўнікоў улады пры выкананні імі службовых абавязкаў.

Таксама журналіста абвінавачваюць у тым, што іншым сваім допісам у Viber-чаце “Реальный Дрогичин” ён распаўсюдзіў “заведама ілжывыя паказанні ў здзяйсненні заведама непраўдзівых цяжкіх злачынстваў” супрацоўнікам міліцыі Юрыем Чарнышковым, чым дыскрэдытаваў яго ў вачах іншых людзей.

Акрамя таго, Сяргея Гардзіевіча абвінавачваюць у тым, што ў верасні мінулага года ён змясціў яшчэ адзін допіс, у якім, “маючы мэту і намеры зняважыць гонар і годнасць дзеючага прэзідэнта РБ, выказаў рэзка негатыўную ацэнку ў сувязі з ажыццяўленнем ім сваіх паўнамоцтваў”. Як лічыць абвінавачанне, карэспандэнт наўмысна зрабіў рэпост паведамлення, дзе ўтрымліваецца слова “пацук”. 

Эксперты прыйшлі да высновы, што ў дадзеным рэпосце “негатыўна, з выкарыстаннем ненарматыўнай формы маўленчага выказвання ацэньваецца прэзідэнт РБ”, а таму Сяргей Гардзіевіч “здзейсніў публічную абразу прэзідэнта”.

Сам журналіст віну не прызнае, а падчас следства адмовіўся ад дачы паказанняў, карыстаючыся сваім канстытуцыйным правам. Ён патлумачыў, што Viber-чат “Реальный Дрогичин” зараз выдалены і таму цяжка даказаць сваю невінаватасць.

“Калі б існаваў чат, то гэта можна было б лёгка праверыць. Тым больш у чаце было 5300 чалавек. Чаму ніхто не задаўся пытаннем, а колькі людзей з прозвішчам Гардзіевіч было ў гэтым чаце? На сёння я ведаю, што ў новым чаце, які створаны не мной, ўжо ёсць некалькі “Гардзіевічаў” з такім самым фотаздымкам на аватарцы”, — патлумачыў журналіст сайта “Першы Рэгіён”.

У сваю чаргу пацярпелыя супрацоўнікі міліцыі сцвярджалі ў судзе, што допісы ў згаданым Viber-чаце былі не толькі абразлівымі, але і паўплывалі на маральны стан сям'і. У выніку Юрый Чарнышкоў і Віталь Ківель заявілі пазоў на кампесацыю маральнай шкоды на 2 тысячы рублёў кожны.

Пры гэтым Віталь Ківель патлумачыў, што “катэгарычна супраць інтэрнэта” і не карыстаецца ім у асабістых мэтах, а пра допісы даведаўся ад калег па службе. Тым не менш, ён упэўнена сцвярджае, што паведамленні былі размешчаныя менавіта Сяргеем Гардзіевічам і з гэтых допісаў пачалося цкаванне супрацоўнікаў драгічынскай міліцыі.

Пасля допыту пацярпелых і сведак Сяргей Гардзіевіч заявіў, што па-ранейшаму не лічыць сябе вінаватым і заявіў некалькі хадайніцтваў.

Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае на 5 ліпеня.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!