129 0

У гродзенскім музеі побыту — унікальная выстава старых фотаапаратаў

16.02.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У гродзенскім музеі побыту, што месціцца недалёка ад старажытнай Каложы, можна паглядзець унікальную выставу старых фотаапаратаў.

На выставе прадстаўлена амаль паўсотні старых фотапаратаў, тэлекамеры, розныя апараты для працы з фотастужкаю. Выстава цікавая тым, што ўсю тэхніку можна патрымаць ў руках.

Кіраўнік музея, гродзенскі збіральнік даўніны Януш Паруліс гаворыць, што гэтая выстава паўстала дзякуючы працы валанцёраў і журналістаў.

"Я пачаў шукаць па схованках і знайшоў 53 фатаграфічныя апараты. Можа, яшчэ штук пяць знайду. Сярод прадстаўленых на выставе апаратаў я б назваў самым цікавым караля здымачнай працы — старажытны апарат. Вялікі, стаіць на драўляных ножках, пад нумарам 000367. Год 170 таму ён быў зроблены ў Варшаве. У мяне да яго ёсць усе старажытныя прылады, Калі б у мяне была старая папера, я нават мог бы рабіць здымкі", — распавёў Януш Паруліс.

На выставе можна таксама ўбачыць з паўсотні  фатаздымкаў, якія паказваюць жыхароў Гродна канца ХХ — пачатку ХХ стагоддзя, строі і архітэктуру.

На думку спадара Януша, такія выставы цікавыя не толькі аматарам даўніны, але і прафесійным фатографам, якія могуць патрымаць у руках даволі цікавую і ўжо рэдкую фотатэхніку мінулых часоў.

Выстава ў гродзенскім Музеі побыту будзе працаваць да 1 сакавіка.

Каментары