НЕ - ВАЙНЕ!
1136

У Гродне ўзгадалі Юрыя Гумянюка

21.01.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

На гродзенскіх могілках ва ўрочышчы Сакрэт сябры і калегі ўзгадалі паэта і журналіста Юрыя Гумянюка, якога не стала тры гады таму.

Сябра ГА “БАЖ” Юры Гумянюк выпаў з дзявятага паверха інтэрната на вуліцы Сухамбаева 19 студзеня 2013 года. Журналіст супрацоўнічаў з “Беларускім Радыё Рацыя”, “Польскім Радыё для Беларусі” і іншымі СМІ.

Пра тое, кім для іх быў Юрый Гумянюк, узгадваюць яго калегі.

– Многія гавораць пра яго як пра паэта, і выдатна гавораць, і лепш чым яны, я не скажу. Ён меў бясспрэчны журналісцкі талент. Ён працаваў пад рознымі псеўданімамі і пад сваім прозвішчам. Юра выяўляў таленавіты падыход, умеў працаваць са словам. Умеў зрабіць цікавы матэрыял, рэпартаж. Ён быў адным з першых заснавальнікаў гродзенскай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў, – прыгадаў публіцыст і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч.

– Па-першае, ён быў маім сябрам, а па-другое, мы з ім мелі шмат супольнага, што датычыць паэзіі. Паэзіі беларускай, рускай, англійскай, польскай. А пазнаёміліся праз бацьку, які ўвесь час, калі я прыходзіў да Юры, слухаў польскае радыё. Мы пачыналі з ім працаваць на “Беларускім Радыё Рацыя” і заўсёды знаходзілі тэмы для размовы. Раней мы сустракаліся ў розных кавярнях. Цяпер, на жаль, сустракаемся на могілках, – працягвае сябра і калега Гумянюка Ян Роман.

– Мы працавалі ў адным СМІ, і гэтая сумесная праца давалася нам па-рознаму. Але што прыемна, гэта быў чалавек заўсёды тактоўны і заўсёды насіў імя беларускага інтэлігента, – далучаецца да ўспамінаў гродзенскі журналіст Вітаўт Парфёненка.

Сябры і калегі прачыталі на магіле паэта вершы і словы ўспамінаў, а ўніяцкі святар Андрэй Крот правёў адмысловую памінальную службу.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!