401

У Гродне суд пакінуў у сіле штраф за рэпост у “ВКонтакте”

21.12.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

21 снежня ў Гродзенскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі Аляксандра Горбача на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Гродна, паводле якога ён быў пакараны за свае рэпосты ў сацсетцы “ВКонтакте”. Суддзя Васіль Скок пакінуў рашэнне суда першай інстанцыі без зменаў.

Уладзімір Хільмановіч і Аляксандр Горбач

Месяц таму, 20 лістапада, паводле рашэння суда Кастрычніцкага раёна Гродна Аляксандр Горбач быў аштрафаваны на 30 базавых велічыняў (735 руб.). Падставай для адміністрацыйнага пераследу сталі перапосты ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” з абрэвіятурамі і здымкамі антыфашысцкага зместу. Горбач быў абвінавачаны адразу па двух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях: ч. 2 арт. 17.11 і арт. 17.10.

Артыкул 17.10 КаАП РБ: Прапаганда і (або) публічнае дэманстраванне, у тым ліку з выкарыстаннем глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт альбо іншай інфармацыйнай сеткі, выраб і (або) распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі.

Частка 2 артыкула 17.11 КаАП РБ: Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства.

Разгляд скаргі Аляксандра Горбача пачаўся яшчэ ў чацвер, 20 снежня. У гэты дзень падчас судовага працэсу суддзя аблсуда Васіль Скок абвясціў перапынак для прыняцця рашэння, аднак па  сканчэнні перапынку перанес абвяшчэнне прысуду на 21 снежня. У выніку рашэнне суда Кастрычніцкага суда Гродна было пакінутае без зменаў, выключаная толькі згадка пра размяшчэнне ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт надпісу «СЛОН». Скарга Горбача пакінутая без задавальнення.

З рашэннем Гарадзенскага абласнога суду Аляксандр Горбач катэгарычна не згодны, збіраецца абскарджваць яго ў вышэйшай судовай інстанцыі. Таксама разлядае магчымасць звярнуцца з зваротам у Камітэт па правах чалавека ААН:

«Я ўжо ня першы раз праходжу праз гэты бульдозэр сыстэмы правасуддзя. Вядома ж, нікому не патрэбна скасоўваць штраф, бо дзяржаве неабходныя грошы. Фармальна, крыху крыўдна, што суддзя не скарыстаўся сваім правам на ўхваленне апраўдальнага рашэння. Я крыху разчараваны, бо спярша з’явілася надзея на справядлівае рашэнне, аднак у выніку былі ўхваленыя толькі фармальныя змены, сам прысуд пакінуты ў сіле. Буду далей абскарджваць пастанову ў вызначаным законам парадку. Мажліва, на стадыі Вярхоўнага Суду будуць нейкія змены, хаця асаблівай надзеі ўжо няма», — зазначыў Аляксандр Горбач.

На дзеяньне новай рэпрэсіўнай мэтодыкі звяртае сваю ўвагу сябра ГА “БАЖ” і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч, які прыйшоў у суд падтрымаць Аляксандра Горбача:

«Гэта абсалютна новая тэндэнцыя пераследу грамадзянаў за іншадумства. Тэндэнцыя, якая, на мой погляд, прыйшла з Расіі. Менавіта там былі распачатыя першыя справы за перапосты ў сацсетках. Самае абсурднае, што ўсё высмоктваюць з пальцу. За размяшчэнне карыкатуры з выразна антыфашыстоўскім зместам прыцягваюць да адказнасці за распаўсюд і прапаганду нацыстоўскай сімволікі. Гэта абсурд. Больш за тое — прыцягваюць да адказнасці за перапосты, якія здзейсненыя да таго, як тыя рэсурсы былі ўнесеныя ў разрад экстрэмісцкіх. Вынікае, што заканадаўства мае зваротнае дзеянне.

Я мяркую, што суддзя Васіль Скок хацеў нейкім чынам уратаваць свой прафесійный гонар, аднак яму гэта не ўдалося , альбо яму не дазволілі гэта зрабіць. З пастановы ён прыбраў толькі сфальшаваны момант з абрэвіятурай «СЛОН», якую інкрымінавалі Горбачу, аднак якой увогуле не было ў матар'ялах , якія ён выклаў у сваім акаўнце сацсеціва «VK».

За рэпосты ў сацсетках паводле артыкулу 17.11 КаАП ужо засуджаныя Уладзіслаў Серада і адзін з лідараў беларускага гурту  Dzieciuki Аляксандр Дзянісаў. Яны таксама абскарджвалі рашэнні першай інстацыі ў Гродзенскім абласным судзе, аднак пастановы ў дачыненні да іх былі пакінутыя без змен (1, 2).