262

У Гродне прэзентавалі школу сацыяльнага прадпрымальніцтва “Good Impact”

19.07.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Дырэктарка ўстановы “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” Лана Руднік непасрэдна каардынуе праект Школы сацыяльнага прадпрымальніцтва па Гродзеншчыне.

002b.jpg

Падчас сустрэчы яна распавяла пра галоўныя мэты і задачы Школы, акрэсліла асаблівую сацыяльную значнасць навучальнага праекта і яго вялікую запатрабаванасць грамадствам. Апроч гэтага, яна пазнаёміла журналістаў з гродзенскімі прадпрымальнікамі, якія маюць паспяховы прыклад рэалізацыі бізнес-ідэй у сацыяльнай сферы.

Сваім досведам стварэння і прасоўвання бізнесу з сацыяльным кірункам падзяліліся: заснавальніца дзіцячай экастудыі “Ветка” Рыма Ушкевіч, кіраўніца прадпрыемства “Штучки в наши ручки” Галіна Алісава (70 % працаўнікоў кампаніі — людзі з інваліднасцю), дырэктарка кавярні Cofee Pause Сняжана Кудрыцкая (штоаўторак 10 % выручкі кавярні накіроўваюцца на дабрачыннасць).

005.jpg

Школа разлічаная перадусім на прадпрымальнікаў Гродзенскай, Гомельскай і Мінскай абласцей, якія збіраюцца распачаць або ўжо здзяйсняюць не больш за год сацыяльна-арыентаваную гаспадарчую дзейнасць. Свае дзверы Школа адчыніць для іх ужо ў верасні 2019 года. Аднымі з галоўных крытэраў для ўдзелу ў праграме з’яўляецца наяўнасць моцнай матывацыі для паспяховай рэалізацыі задуманых бізнес-ідэй. З ліку прэтэндэнтаў на конкурснай падставе будуць абраныя 60 удзельнікаў — па 20 з кожнага пазначанага рэгіёна. Міжнародныя і беларускія эксперты будуць бескаштоўна вучыць іх планаваць, ствараць і рэалізоўваць бізнес-праекты ў сферы сацыяльнага прадпрымальніцтва.

003_0.jpg

У курс навучання таксама ўваходзяць трэнінгі, майстар-класы, абмен досведам з паспяховымі прадстаўнікамі сацыяльнай бізнес-супольнасці. Важнай асаблівасцю навучальнай праграмы з’яўляецца магчымасць засвоіць атрыманыя веды на практыцы — усе ўдзельнікі атрымаюць неабходую інфармацыю пра магчымасці міжнароднага стажыравання на базе сацыяльных прадпрыемстваў. Апроч перадачы ведаў і неабходнай практыкі, праграмай прадугледжаная і фінансавая падтрымка старту бізнесу для тых навучэнцаў Школы, якія прадэманструюць найбольшы сацыяльны эфект сваіх бізнес-ідэй.

— Я спадзяюся, што ідэя стварэння ўласнага сацыяльнага бізнесу стане ў нашым горадзе больш папулярнай, як гэта адбылося, напрыклад, у Мінску. Спадзяюся, што ў нас з’явяцца новыя сацыяльныя прадпрыемствы і прадпрымальнікі, што здолеюць і грошы зарабляць, і дапамагаць людзям, якія маюць у гэтым патрэбу. Хачу, каб яны сталі прыкладам для тых, хто яшчэ вагаецца наконт таго, ці распачынаць сваю справу. У нашым горадзе, як і ва ўсёй краіне, хапае нявырашаных вострых сацыяльных пытанняў. Чым больш людзей, арганізацый, бізнес-структур будзе брацца за іх вырашэнне — тым лепш. Спадзяюся, што нашая Школа сацыяльнага прадпрымальніцтва паспрыяе гэтаму, — зазначыла ў каментары карэспандэнту ГА “БАЖ” Лана Руднік.

001.jpg

Партнёрам Школы сацыяльнага прадпрымальніцтва з’яўляецца праектная група “Coopforum International” з Берліна. Сам праект стаў магчымым дзякуючы рэалізацыі праграмы Федэральнага міністэрства замежных спраў Нямеччыны “Развіццё супрацы з грамадзянскай супольнасцю краін Усходняга патрнёрства і Расіі”.

Навучальны праект на тэрыторыі Гродзеншчыны рэалізуе прыватная ўстанова “Цэнтр дадатковай адукацыі “Студыя карысных кампетэнцыяў”. На Гомельшчыне навучальную праграму здзяйсняе сацыяльнае прадпрыемства “Метэарыт Плюс”, а ў сталічным рэгіёне — прыватная ўстанова “Цэнтр вольнага часу дарослых і дзяцей “Экажыццё”.

Заяўку на ўдзел у Школе сацыяльнага прадпрымальніцтва можна запоўніць і даслаць праз гэтую спасылку.