220 0

У Гродне праваабаронцы просяць спыніць пераслед журналістаў

17.03.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гродзенскія праваабаронцы і журналісты Эдвард Дмухоўскі, Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч, Раман Юргель 17 сакавіка 2017 года звярнуліся да дзяржаўных службовых асобаў Гродзенскай вобласці з патрабаваннем спыніць пераслед журналістаў і грамадскіх актывістаў.

У звароце, у прыватнасці, гаворыцца, што ўлада парушае канстытуцыйныя і грамадзянскія правы жыхароў рэгіёна.

"За апошнія больш чым 15 гадоў у Гродзенскай вобласці не дазволена аніводная (!) заяўка грамадзянаў на правядзенне мітынгу, пікета ці шэсця ў гарадах вобласці. Улада замест шырокага грамадскага дыялогу з людзьмі хаваецца ў сценах кабінетаў, яна адарвалася ад рэальнасці і патрэбаў людзей.

Апошнія гады ў нашай вобласці сістэмна пераследуюцца незалежныя журналісты, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Асабліва дыскрымінуюцца тыя журналісты-фрылансеры, якія супрацуюць з "Беларускім Радыё Рацыя", "Белсатам". Так, незаконна па артыкуле 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае адказнасць юрыдычных, а не фізічных асобаў (!), неаднаразова судамі вобласці былі аштрафаваныя і папярэджваліся журналісты Андрэй Мялешка, Алесь Дзянісаў, Алесь Кіркевіч, Алесь Залеўскі, Юрый Дзяшук. А афіцыйна акрэдытаваны (!) журналіст "Радыё Свабоды" Міхаіл Карневіч, які быў на працы і меў накіраванне рэдакцыі ў Свіслач на “Дзень памяці паўстанцаў 1863 года”, што прайшоў у 2015 годзе, быў незаконна засуджаны да штрафу суддзёй Ленінскага раённага суда Гродна Аленай Пятровай як “удзельнік несанкцыянаванага мерапрыемства”. Гродзенскі абласны суд у асобе суддзі Мікалая Рачынскага пры разглядзе касацыйнай скаргі Міхаіла Карневіча, пацвердзіў гэтую абсурдную пастанову.

Замест дыялогу і супрацы з грамадскімі аб’яднаннямі, адбываецца пераслед актывістаў грамадзянскай супольнасці, які набывае характар сістэмных рэпрэсій. Прыкладам, штогадовыя кары супраць удзельнікаў мірнага мерапрыемства памяці ў Свіслачы. Так, каля 20 удзельнікаў традыцыйнага Дня памяці паўстанцаў 1863 года, які прайшоў у Свіслачы ў кастрычніку 2016 года, былі незаконна пакараныя рознымі судамі вобласці вялікімі штрафамі нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Людзей аштрафавалі на вялікія сумы за тое, што яны ўсклалі кветкі, паставілі свечкі на магілах і ля помнікаў нацыянальным героям. Пры тым жыхара Мастоў Васіля Клімовіча, які не быў у гэты дзень увогуле ў Свіслачы (!), суд Мастоўскага раёна пастановай суддзі В.С. Цыбульскага аштрафаваў на 9 базавых велічынь. Прадстаўнікі міліцыі, якія выступалі на гэтым адміністрацыйным працэсе як сведкі, ілжэсведчылі. Пры разглядзе касацыйнай скаргі Клімовіча ў Гродзенскім абласным судзе суддзя Андрэй Ліхач цынічна падтрымаў рашэнне раённага суда. Хіба гэта не здзек з правасуддзя і дзейснага заканадаўства? Куды глядзяць кіраўніцтва міліцыі, абласнога суда і пракуратура вобласці? Чаму дапускаецца такая дыскрэдытацыя правасуддзя і ўсёй судовай сістэмы як дзяржаўнага інстытуту? Таксама за прысутнасць у Свіслачы назіральнікам праваабаронца Віктар Сазонаў у ліку іншых беспадстаўна быў пакараны штрафам.

   Пасля мірнай акцыі ў Гродне 19 лютага, калі грамадскі парадак не парушаўся, былі складзены адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП РБ у дачыненні да 12 чалавек. У выніку судовых разглядаў суда Ленінскага раёну Гродна трох чалавек – Вадзім Саранчукоў (бацька трох малалетніх дзяцей!), Ежы Грыгенча і Сяргей Верамеенка былі засуджаны да адміністрацыйнага арышту ад 13 да 15 сутак, астатнія – аштрафаваныя на вялікія сумы, у тым ліку двое пенсіянераў.

   Пасля мірнай акцыі грамадзян у Гродне у Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка, дазвол на якую чарговы раз беспадстаўна не даў гродзенскі гарвыканкам, тым самым справакаваўшы людзей на стыхійны мітынг і шэсце, некалькі чалавек былі жорстка затрыманыя невядомымі людзьмі ў цывільным. Калі гэта прадстаўнікі міліцыі – чаму яны ўсе былі без формы? Затрыманы прадстаўнік АГП Аляксандр Лаўрэнцьеў на наступны дзень засуджаны да 13 сутак адміністрацыйнага арышту.

Звяртаем вашу ўвагу таксама на тое, што акрамя нацыянальнага заканадаўства, парушаецца міжнароднае, а менавіта Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, канкрэтна пункт 2 артыкула 19 і пункт 1 артыкула 14 у сукупнасці з пунктам 1 і пунктам 3 артыкула 2 і артыкула 26 Пакта. Нагадваем, што Рэспубліка Беларусь ратыфікавала гэты Міжнародны пакт, а значыць абавязалася яго выконваць. Не выконваючы яго, улады Гродзеншчыны дыскрэдытуюць нашу дзяржаву на міжнароднай арэне.

Звяртаемся да вас як да высокіх асобаў на дзяржаўных пасадах з заклікам спыніць пераслед грамадзян за іншадумства і іх погляды. Заклікаем неадкладна перагледзець незаконныя рашэнні судоў Ленінскага раёну Гродна і такім чынам вызваліць з адміністрацыйнага арышту Вадзіма Саранчукова, Ежы Грыгенчу, Сяргея Верамеенку, Аляксандра Лаўрэнцьева, а іншых незаконна пакараных адпаведна вызваліць ад выплаты штрафаў.

   Заклікаем улады вобласці таксама забяспечыць канстытуцыйнае права грамадзян на мірныя сходы і задавальняць іх заяўкі на плануемыя мерапрыемствы. Татальныя забароны на правядзенне мірных сходаў толькі радыкалізуюць людзей, робяць іх дзеянні непрадказальнымі, распальваюць грамадзянскую варожасць і могуць прывесці да сама негатыўных наступстваў. Дзяржаўныя органы ўлады абавязаны забяспечваць канстытуцыйныя правы, весці дыялог з грамадствам, а не быць элементамі карнай сістэмы. Дзяржаўныя органы ўлады павінны быць адказнымі перад народам Рэспублікі Беларусь, перад законам і перад гісторыяй. Улада не павінна парушаць асноўны прынцып існавання грамадства і дзяржавы — “не народ для ўрада, а урад для народа!”.

Актывісты накіравалі свой зварот кіраўніку абласной адміністрацыі Гродзеншчыны Уладзіміру Краўцову, начальніку Упраўлення унутраных Спраў Гродзенскага аблвыканкаму Сіняўскаму Вадзіму Іванавічу, пракурору Гродзенскай вобласці Корзуну Віктару Канстанцінавічу, начальніку Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Церахаву Аляксандру Аляксандравічу,  старшыні Гродзенскага абласнога суда Корзуну Аляксандру Анатолевічу і будуць чакаць адказу ў прадугледжаны заканадаўствам тэрмін.

Каментары