1221

У Гродне паказалі фільм пра моладзевы субкультурны рух 1980-х

18.04.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Гродне адбыўся прэм’ерны паказ фільма “TLP супраць”, які распавядае пра моладзевыя рухі ў горадзе на пачатку 1980 гадоў.

Фільм быў зняты па-польску і будзе паказаны на адным з каналаў польскага тэлебачання. Аўтар і рэжысёр фільма — незалежны журналіст Ігар Банцар, аператары — Андрэй Фралоў і Аляксандр Саенка.

— У 80-я гады ХХ стагоддзя на Гродзеншчыне сувязі з Польшчай былі больш моцныя. Людзі ездзілі хто ў адпачынак, хто да знаёмых, хто гандляваць, і як вынік —  сюды вярталіся не толькі з новым досведам, але і з цікавымі культурнымі тэмамі. Сюды прывозілася польская музыка, польская культура, арыентаваная на Захад. Гэта было нешта такое выключнае, нетыповае для Савецкага Саюза, — расказвае Ігар Банцар.

— Наколькі на Гродзеншчыне былі пашыраныя рухі TLP i HMR?

— Я б акрэсліў горад Гродна, як лакальны асяродак, куды моладзь прыязджала вучыцца. А ў выходныя вярталася ў вёску, у малыя гарады і паказвала сябрам свае музычныя цікавосткі. Хлопцы і дзяўчаты 1980-х распавядалі сваім сябрам пра тое, якую музыку яны чулі, якую кружэлку набылі. Гродна заўсёды вылучаўся сваёй празаходняй пазіцыяй. Не будзем сябе падманваць, але гэты рух быў абмежаваны, быў моладзевай субкультурай. У сённяшняй Беларусі мы маем магчымасць пафарбаваць сабе валасы, зрабіць дзірку ў носе — ніхто не абмяжоўвае. А ў савецкі час пазіцыянаваць сябе як прыхільніка польскай музыкі і яшчэ з такімі польскімі знакамі, як бел-чырвоны сцяг і польскі арол — гэта было вельмі моцна. Гэта можа быць не зразумела для сучаснай моладзі. Шкада, цяпер ніхто не можа ацаніць уплыў тых субкультурных асяродкаў на наступныя пакаленні.

— Якія цяжкасці былі падчас здымкаў фільма? Ці цяжка было знайсці герояў, людзей, якія былі аматарамі рухаў 1980-х?

— Гэта было вельмі цяжка. Некаторыя людзі памерлі — большасці ўдзельнікаў гэтага руху ўжо за 50-60 год, некаторыя з’ехалі ў іншы горад або эмігравалі. А частка людзей папросту не захацела размаўляць на гэтую тэму. Іх адказ быў наступны: я працую на дзяржаўнай працы і я баюся, што гэта будзе на польскім тэлебачанні, навошта польскую тэму закранаць, дайце дапрацаваць да пенсіі. І гэта людзі, якія 30 год таму стваралі атмасферу горада, пра які мы кажам, што Гродна — маленькі Парыж.

На сустрэчу прыйшлі некалькі герояў фільма. Яны правялі невялікую дыскусію са спадзёвам, што праз некаторы час паўстане ўжо большы мастацкі фільм, прысвечаны моладзевым рухам 1980-х. Прэзентацыя фільма адбылася ў памяшканні Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне, якое і было спонсарам стварэння фільма.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!