НЕ - ВАЙНЕ!
735

У Гродне пачалі затрымліваць адміністратараў раённых чатаў у Telegram. Ім пагражае крымінальны артыкул

11.10.2020 Крыніца: Алена Кавальчук, hrodna.life

9 кастрычніка затрымалі шэсць з 19 чалавек, якія знаходзіліся ў агульным чаце для адміністратараў раённых чатаў, паведаміла блізкая да затрыманых крыніца Hrodna.life. Яны праходзяць падазраванымі па справе, заведзенай па арт. 342 КК — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. З 9 кастрычніка яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Гродне.

Каля 10.00 9 кастрычніка ў Гродне па дарозе на працу затрымалі адміністратарку аднаго з раённых чатаў у Telegram Яўгенію. Яўгенію павезлі спачатку ў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе суарганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, затым — у Следчы камітэт, і дапытвалі да позняга вечара. Пра гэта Hrodna.life паведаміў Аляксандр — адміністратар аднаго з раённых чатаў, якому дзяўчына патэлефанавала пасля допыту.

Паводле інфармацыі Hrodna.life, чат узламалі і затрымалі ўдзельнікаў, якіх ідэнтыфікавалі. Зараз шэсць чалавек знаходзяцца ў ІЧУ. Яны пад падпіскай аб неразгалошванні. Абставіны справы, заведзенай па арт. 342 КК, невядомыя. Атрымаць каментар у прэс-службе ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці на 10 кастрычніка Hrodna.life не ўдалося.

Максімальная санкцыя па арт. 342 КК прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.

Усяго ў Гарадзенскай вобласці ў крымінальных справах, распачатых пасля выбараў прэзідэнта, праходзяць блізу 40 чалавек, паведамляе harodniaspring.org. Некаторыя з іх знаходзяцца ў ізалятарах, частка людзей выехалі, частка знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!