1173

У Гродне будуць судзіць журналіста Паўла Мажэйку

11.05.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

14 траўня 2018 года ў Гродне адбудзецца суд над журналістам і вядоўцам Паўлам Мажэйкам, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”. Павал Мажэйка ўжо атрымаў копію пратакола, дзе напісана, што ён вёў стрым з дазволенай ў Гродне акцыі 25 сакавіка бягучага года.

Міліцыянты абвінавачваюць журналіста у тым, што 25 сакавіка,  знаходзячыся ў Каложскім парку Гродна, падчас правядзення масавага мерапрыемства, прысвечанага 100-годдзю БНР, не маючы акрэдытацыі журналіста замежнага СМІ, браў інтэрвію ў прысутнага Саранчукова В. В. у прамым эфіры для сайта польскага тэлеканала “Белсат”. Гэты матэрыял Павал змясціў на сайце польскага спадарожнікавага тэлебачання “Белсат” з мэтай далейшага распаўсюду, чым парушыў патрабаванні нормаў арт. 22.9 КаАП РБ.

Павал Мажэйка

Павал Мажэйка з гэтым пратаколам не згодны:

— Сутнасць прэтэнзіі  мне не зразумелая. Я лічу, што гэтыя дзеянні, пратаколы, судовы працэс, што будзе, гэта — такая дэманстрацыя. Маўляў, “Шаноўныя незалежныя журналісты, гродзенцы, актывісты розных арганізацый! Калі ўлады вам дазволілі гэтае мерапрыемства, то толькі таму, што ўладам гэта было патрэбна. І дазволілі толькі ў той форме, у якой ўладам было выгадна. І вы не павінны забывацца, што дубінка заўсёды побач, а мы гэтую дубінку супраць вас — звычайных нармальных грамадзян  і жыхароў гэтага горада — абавязкова прыменім. Відавочна, будзе нейкі абвінаваўчы вырак.

— Гэты пратакол, хіба, не працяг рэпрэсій супраць журналістаў, што супрацоўнічаюць з тэлеканалам "Белсат"?

— Усе людзі,  якія ў Беларусі працуюць з інфармацыяй, распаўсюджваюць незалежную інфармацыю, альтэрнатыўны ад дзяржаўнага погляд, усе сёння знаходзяцца пад пагрозай абсалютна неабгрунтаванага пераследу, рэпрэсіяў, часам жорсткіх. І абсалютна кожны мусіць быць падрыхтаваны псіхалагічна да такіх дзеянняў улады. Логікі я не бачу, таму да любога выніку падрыхтаваны. Ён будзе залежыць ад унутрыўладных разборак, але ніякім чынам не будзе азначаць, што ўлада раптам паразумнела і зразумела, што незалежных грамадзянаў судзіць не варта.

Праваабаронца і публіцыст Уладзімір Хільмановіч мяркуе, што будучы працэс над Паўлам Мажэйкам будзе працэсам не толькі над журналістам, а і над чалавекам з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй:

— Даволі працяглы час на журналістаў у Гродне не складалі пратаколы за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі. Іншыя рэгіёны вырваліся наперад. Калі прыгадаць гісторыю, то менавіта з Гродна гэтага пачыналася. Некалькі разоў судзілі Андрэя Мялешку, Алеся Кіркевіча, Алеся Дзянісава па гэтым самым артыкуле. Але за апошні час такіх спраў было мала. У Гомелі, на Віцебшчыне іх было шмат, і, відаць, хтосці палічыў, што трэба выпраціць гэтую сітуацыю і статыстыку. На Мажэйку быў складзены аналагічны пратакол і ён быў асуджаны да штрафу год таму — таксама за стрым з 25 сакавіка. І зараз нехта палічыў, што трэба працягваць пераслед вядомага журналіста, грамадскага актывіста. Я мяркую, зыход справы прадказальны: усё скончыцца карным штрафам. Відавочна, мы маем справу з парушэннем канстытуцыйных нормаў на распаўсюд інфармацыі, а гэты артыкул прыцягнуты за вушы. Бо паводле яго ў судовым парадку павінны адказваць рэдакцыі, а не асобныя журналісты-фрылансеры.

Судовы працэс над журналістам Паўлам Мажэйкам пачнецца 14 траўня а 14-й гадзіне ў судзе Ленінскага раёна горада Гродна.