2111

У Гродна адбудзецца суд над сябрамі ГА "БАЖ"

14.12.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У чацвер, 15 снежня, у Гродна ў судзе Ленінскага раёна адбудзецца  разгляд адміністрацыйных спраў супраць сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў Віктара Сазонава і Уладзіміра Хільмановіча.

Журналістаў збіраюцца судзіць за ўдзел у традыцыйным Свіслацкім фэсце паўстанцаў 1863 году.

Фестываль адбыўся 30 кастрычніка 2016 году. Фэст традыцыйна адбываваецца ўжо больш за 10 год у горадзе Свіслач, што на Гродзеншчыне.

Падчас фэсту адбываецца ўшанаванне памяці ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг., а таксама невялікая паніхіда на магіле Віктара Каліноўскага, брата Кастуся Каліноўскага.

Журналісты ўзгадваюць, што гэтым разам ў Свіслачы адбываліся дзіўныя рэчы. Ніводзін міліцыянт не падыйшоў амаль да 50 удзельнікаў фэста і не папярэдзіў пра недапушчальнасць мерапрыемства.

Але па выніках на журналістаў былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па частцы 3 артыкула 23.34 (парушэнне парадку аб правядзенні масавых мерапрыемстваў).

Суды над грамадскімі актывістамі, што ўдзельнічалі ў Свіслацкім фэсце ўжо адбыліся ў Свіслачы і Брэсце, Слоніме і Гродна. Да штрафаў ужо асуджанана болш за 10 чалавек.

Пачатак судовых працэсаў над Віктарам Сазонавым і Уладзімірам Хільмановічам 15 снежня а 10-й гадзіне.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!