НЕ - ВАЙНЕ!
414

У Горках двух чалавек асудзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

19.02.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

У горадзе Горкі 18 лютага адбыліся суды над затрыманымі ўчора пасля вобшукаў мясцовымі грамадскімі актывістамі Наталляй Даронінай і Віктарам Каральковым.

Высветлілася, што раніцай 17 лютага прайшлі вобшукі дома ў Наталлі Даронінай, а таксама ў яе маці. Пасля вобшукаў праваахоўнікі затрымалі Наталлю, да суда больш за суткі яе трымалі ў Горацкім ІЧУ.

18 лютага Горацкі раённы суд прызнаў Наталлю Дароніну вінаватай паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюд такой інфармацыйнай прадукцыі) і пакараў штрафам памерам 20 базавых велічынь (640 рублёў).

Наталля Дароніна мае непаўнагадовага сына, магчыма, з гэтай прычыны суд абраў пакаранне, не звязанае з адміністрацыйным арыштам. Жанчыну раней прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ўвосень 2020 года за ўдзел у акцыях пратэсту.

Суд над грамадскім актывістам Віктарам Каральковым прайшоў у Горках вечарам 18 лютага ў будынку мясцовага ІЧУ. Актывіста таксама судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП, у выніку яго пакаралі 15 суткамі арышту за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Адвакат кажа, што Каралькоў вусна заявіў, што распачаў галадоўку. Сам адвакат намераны падаваць скаргу на рашэнне суда Горацкага раёна.

Нагадаем, раніцай 17 лютага ў Віктара Каралькова адбыўся вобшук. Праваахоўнікі перарылі ўсю хату, пасля чаго Віктара затрымалі, да суда ён знаходзіўся пад вартай.

Службе маніторынгу БАЖ удалося высветліць падрабязнасці праведзенага раніцай 17 лютага вобшука ў Дрыбіне ў сябра ліквідаванай ўладамі Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Юркова.

З пастановай на вобшук на кватэру да Андрэя а 8-ай гадзіне раніцы прыйшлі супрацоўнікі Дрыбінскага РАУС. У выніку праваахоўнікі забралі ў Юркова ноўтбук, смартфон і носьбіты інфармацыі. Супрацоўнікаў міліцыі таксама вельмі цікавіла стаўленне Юркова да маючага адбыцца ў хуткім часе рэферэндума па зменах у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!