2039

У Гомелі міліцыя прыкавала кайданкамі да дрэва журналіста-фрылансера Жукоўскага

21.07.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Фрыланс-журналістыка

Сёння ў судзе Савецкага раёна Гомеля судзяць блогера Максіма Філіповіча «за падмену дзяржаўных СМІ». У перапынку судовага пасяджэння міліцыя кайданкамі прыкавала да дрэва журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага за непадпарадкаванне.

У Гомелі пасля відэаздымкаў судовага пасяджэння па адміністрацыйнай справе блогера Максіма Філіповіча супрацоўнікі ДАІ затрымалі журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. Ён з калегамі ад’ехаў ад будынку суда на прыватнай аўтамашыне метраў дзвесце. Спыніў яго падпалкоўнік міліцыі, які не назваў сябе, запатрабаваў дакументы. Паглядзеўшы, патрабаваў ехаць у ДАІ на той падставе, што раней у Добрушы Жукоўскі нібыта парушыў правілы дарожнага руху.

Кастусь адказаў, што ніякай позвы не атрымліваў і пра парушэнне правілаў дарожнага руху ў Добрушы чуе ўпершыню. І наогул, цяпер заняты. Калі будзе позва, ён прыедзе ў ДАІ.

“Аднак падпалкоўнік стаяў на сваім, выклікаў падмогу. Кастусю надзелі кайданкі, прыкаваўшы яго да дрэва. Я здымаў усё на відэа. У мяне адабралі відэакамеру. Я патэлефанаваў на 102, заявіў пра гвалтоўныя дзеянні міліцыянтаў. Камеру мне вярнулі, а Жукоўскага забралі ў ДАІ”, — распавёў службе маніторынгу БАЖ відавочца і напарнік фрылансера Андрэй Толчын.

Ён дадаў, што міліцыя ўсялякім чынам пераследуе Жукоўскага за яго фрылансерскую дзейнасць.

Фота Алены Германовіч, БелаПАН