382

У Гомелі годам калоніі пакаралі мужчыну, які дадаў у свой плэйліст ў сацсетцы песню пра Лукашэнку

23.08.2021 Крыніца: "Сильные Новости" Сюжэт: Дыфамацыя

22-гадовага гамяльчаніна Сяргея Балахонава ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» больш за ўсё прыцягваў зручны плэер: у яго плэйлісце больш за тысячу трэкаў папулярных выканаўцаў. У маі мінулага года Сяргей вырашыў папоўніць сваю музычную калекцыю навінкамі. Сярод запампаваных ім песень аказалася і кампазіцыя папулярнага рэпера nokrolik «Лукашэнко, уходи».

У выніку маніторынгу яго персанальнай старонкі праваахоўнікі выявілі аўдыёфайл з гэтай песняй, на падставе чаго Сяргею Балахонаву прад'явілі абвінавачванне па артыкуле 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Сяргей прызнаў сваю віну і раскаяўся, але падкрэсліў, што захаваў гэты трэк не па прычыне палітычнай варожасці да каго б там ні было, а выключна ў выніку збегу абставінаў.

Пракурор запрасіў для Сяргея Балахонава пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Кіраўніцтва і калегі маладога чалавека хадайнічалі перад судом аб абранні для яго пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі. У характарыстыцы з месца працы падкрэслівалася, што ён зарэкамендаваў сябе толькі са станоўчага боку: працавіты, неканфліктны, прыстойны.

Сёння Сяргей Балахонаў звярнуўся да суда з апошнім словам. "Не пазбаўляйце мяне волі", — адзінае, што змог ён вымавіць.

Суд палічыў віну Сяргея Балахонава даказанай і прысудзіў яго да года калоніі агульнага рэжыму. Хлопец быў узяты пад варту ў зале суда. Сяргей жанаты, яго жонка цяпер чакае дзіця.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!