624

У Гомелі будуць судзіць рэжысёра за дакументальны фільм

22.10.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "БАЖ" Сюжэт: 22.9 КаАП

Участковы інспектар Цэнтральнага РАУС Гомеля Аляксандр Гусеў папярэдзіў журналістку-фрылансера Марыю Булавінскую, што склаў у дачыненні да яе адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 22.9 КаАП за выраб без акрэдытацыі дакументальнага фільма “Бяздомны горад”.

Фільм быў паказаны 6 верасня на беларускамоўным спадарожнікавым тэлеканале “Белсат”, які транслюе свае перадачы з тэрыторыі Польшчы. На сайце тэлеканала Булавінская пазначана як рэжысёр фільма.

“Я адмовілася ісці на гутарку з участковым на падставе sms-паведамлення, да таго ж з няправільна напісаным прозвішчам. У тэлефоннай размове з участковым спаслалася таксама на артыкул 27 Канстытуцыі, які гарантуе грамадзянам права не сведчыць супраць сябе і блізкіх сваякоў”, — паведаміла карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Марыя Булавінская.

Яна дадала, што гэта першы прэцэдэнт, калі за дакументальную стужку пра знос драўлянай забудовы ў горадзе вядзецца міліцэйскі пераслед. У фільме ідзе гаворка пра мастака-рэстаўратара, прафесійнага цесляра Андрэя Скідана, які ратуе ад знішчэння ў гістарычнай частцы горада разнЫ дэкор з драўляных дамоў, што трапляюць пад знос. На зруйнаванне пайшоў нават арыгінальны дом, у якім, паводле падання, правяла свае апошнія дні княгіня і мецэнатка Ірына Паскевіч. Высілкамі неабыякавых гомельцаў дом  уратаваны і захоўваецца ў разабраным стане за горадам, чакаючы рэканструкцыі на новым месцы ў цэнтры горада.

Адміністрацыйны пратакол з міліцыі дасланы Марыі Булавінскай на хатні адрас.