288

У Гомелі бажаўцы зладзілі сямейны фэст да Дня роднай мовы

24.02.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Гомельскія сябры ГА “БАЖ” Мікола Бянько і Юлія Сівец зладзілі сямейны фэст да Міжнароднага дня роднай мовы. У арт-прасторы “Каўчэг”  не было дзе яблыку ўпасці. Дзеці з бацькамі, бабулямі і дзядулямі прыйшлі сюды, каб далучыцца да беларушчыны.

Экс-кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Галіна Краўчанка кажа, што дачка Зоя яшчэ з вечара непакоілася: “Мама, мову не праспім?”

Дваіх унукаў прывяла на свята сябра ГА “БАЖ” Людміла Копаць. Напрыканцы імпрэзы бабуля трымала каля дзясятка прызоў, якія здабылі ўнучка і ўнук у конкурсах і віктарынах.

Колішні актывіст БНФ Іван Адаменка прывёў на свята ўнука і ўнучку. “Мы наведваем курсы “Мова Нанова”. Я рады, што ўнукі цягнуцца да роднай мовы”, — задаволена тлумачыць сваю прысутнасць спадар Адаменка.  

Арганізатар фэсту да Дня роднай мовы і адзін з кіраўнікоў курсаў “Мова Нанова” ў Гомелі Мікола Бянько зазначае, што імпрэза  адмыслова была скіраваная на дзіцячую аўдыторыю. Мова — гэта не толькі сродак камунікацыі, але і найвялікшая каштоўнасць, якая мае аб’яднаўчую сілу. Бацькі слухачоў курсаў самі сабралі сродкі, каб такое свята адбылося. Тут і арэнда памяшкання, і прызы, і запрашэнне незвычайных гасцей.

Удзельнікі свята сапраўды не задаволіліся ўласнай пастаноўкай, а запрасілі яшчэ і кампанію “Будзьма!”, якая зладзіла для дзетак рыцарскую рэканструкцыю ды правяла шэраг конкурсаў з падарункамі. Гісторык і рэканструктар Юрый Усціновіч, адзеты ў сярэднявечнага беларускага шляхціца, распавёў пра “крылатых” гусараў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, паказаў вырабленыя даспехі і прадэманстраваў майстарскае валоданне рыцарскай шабляй, а яшчэ разам з жонкай Марыяй правёў шэраг конкурсаў з падарункамі. І хлопчыкі, і дзяўчынкі з ахвотай удзельнічалі ў “гусарскіх” забавах, атрымліваючы за выпрабаванне то беларускую кніжку, то шакаладку.

Шмат імпэту і кемлівасць выявілі дзеці, адгадваючы тэматычныя беларускія загадкі, кшталту, “Са страхі морква вісіць, да зямлі не дастае, паху не мае, зімой вырастае”. Прыз даставаўся таму, хто першым называў правільны адказ. У госці да дзяцей на Дзень роднай мовы завітала і талакоўская “Батлейка” з адмысловым лялечным спектаклем на біблейскую тэму.

Сямейны фэст да Дня роднай мовы завяршыўся сумесным выкананнем песні “Простыя словы, простыя рэчы” і засведчыў запатрабаванасць беларускамоўнай адукацыі ў паўмільённым горадзе.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!