386 0

У Глыбокім пачаўся суд над журналістамі за сюжэт пра дом, які 40 гадоў адстаяў без капрамонту

18.05.2017 Крыніца: Радыё Свабода Сюжэт: 22.9 КаАП

Абаіх вінавацяць паводле артыкула 22.9 — нібыта за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. «Прадукцыяй» у дадзеным выпадку лічыцца відэасюжэт пра дом № 142 па вуліцы Леніна, дзе жыве Тацяна Смоткіна.

Справу супраць яе і Зьмітра Лупача ініцыяваў мясцовы аддзел КДБ. Менавіта адтуль далі распараджэньне разабрацца, якім чынам інфармацыя пра пяціпавярховік, які 40 гадоў адстаяў без капрамонту, трапіла на тэлеканал «Белсат».

Дом № 142, «герой» рэпартажу, які стаў доказам супраць журналістаў

Дом № 142, «герой» рэпартажу, які стаў доказам супраць журналістаў

У міліцыі вырашылі, што аўтары матэрыялу — гэта мясцовыя незалежныя журналісты. Падчас працэсу Тацяна Смоткіна спрабавала давесьці судзьдзі Людміле Вашчанцы, што ня мае ніякага дачыненьня да «Белсату»:

«Суседзі мне казалі, што міліцыя хадзіла па нашым доме, распытвала ўсіх, хто гаворыць у сюжэце. І пыталася, ці ня бачылі ў двары нас, журналістаў. Канечне, нас у Глыбокім ведаюць. І падтрымліваюць, бо ведаюць, што незалежныя журналісты кажуць праўду. Суседзі, прыкладам, адразу адзначылі, што пасьля выхаду відэаматэрыялу камунальшчыкі раптам заварушыліся. Раней яны наш дом нібыта не заўважалі, а тут самі зьявіліся і правялі сход...»

Жыхары, як могуць, самі клапоцяцца пра ўтульнасьць

Жыхары, як могуць, самі клапоцяцца пра ўтульнасьць

На Зьмітра Лупача ў міліцыі склалі ажно два пратаколы. На думку міліцыянтаў, ён парушыў заканадаўства двойчы, бо жыхары дому № 142 засьведчылі, што бачылі яго ў двары два разы. Першы раз аднаго, а другі — разам з Тацянай Смоткінай.

На судзе жыхары дому казалі, што праблема з рамонтам існуе і што журналісты ўсё робяць слушна, сказаў спадар Зьміцер:

«Прыйшлі трое сьведак, двое прыйшлі самі, а трэцяга, зусім ужо дзядулю, на суд прывезьлі. Калі судзьдзя спытала, ці папярэджвалі журналісты, для якой рэдакцыі робіцца сюжэт, нават гэты дзядуля абурыўся: «Якая розьніца, для якой! Рамонту ж насамрэч 40 гадоў не было».

Зьміцер Лупач

Зьміцер Лупач адмовіўся даваць паказаньні падчас працэсу.

Судзьдзя Людміла Вашчанка вырашыла, што трэба працягнуць суд у іншы дзень, каб прыйшлі яшчэ двое сьведак, якія не зьявіліся сёньня. Гэтыя сьведкі — таксама жыхары дому № 142 па вуліцы Леніна, які ні разу ня бачыў капітальнага рамонту.

Сюжэт пра пяціпавярховік выйшаў на тэлеканале «Белсат» 13 красавіка 2017 году. У ім гаворыцца, што ў 2013 годзе жыхары дому сабралі 30 подпісаў пад зваротам у прадпрыемства «Глыбоцкая жыльлёва-камунальная гаспадарка». Кіраўнік прадпрыемства Андрэй Шымковіч паабяцаў паспрыяць рамонту, і праблема зрушылася зь месца — у доме пачалі мяняць каналізацыйныя стаякі. Але неўзабаве працы спыніліся, а на звароты жыхароў пачалі прыходзіць адказы, што грошай на капітальны рамонт дому няма, хоць за 40 гадоў, як ён стаіць, жыхары штомесяц пералічвалі на гэта значныя сумы.

У падʼезьдзе

У падʼезьдзе

Людзі абураныя яшчэ й таму, што на будынку прадпрыемства «Глыбоцкая жыллёва-камунальная гаспадарка», якое спасылаецца на нястачу сродкаў, зьявіўся новы дах...

Тацяна Смоткіна адзначае, што паказ сюжэту пра іхны дом прынёс карысьць: ужо абвешчана, што на рамонт знайшлася частка сродкаў. І ўнутраныя працы ў падʼездах ужо пачаліся. Хаця б такім чынам, але справа зрушылася з месца, кажа журналістка.

Дом па-ранейшаму чакае рамонту

Дом па-ранейшаму чакае рамонту

У 2015 годзе і яе, і Зьмітра Лупача ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкула 22.9. Тады Глыбоцкі суд пакараў Тацяну Смоткіну штрафам у 25 базавых велічынь за матэрыял «Дарогі ў Глыбокім стануць пазытыўнымі», разьмешчаны на сайце Беларускага Радыё Рацыя (Польшча).

Зьміцер Лупач быў аштрафаваны на такую ж суму за артыкул «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 году», разьмешчаны на сайце «Эўрарадыё». Абаіх журналістаў прызналі вінаватымі ў парушэньні заканадаўства аб СМІ за супрацоўніцтва з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі без акрэдытацыі. Абскардзіць прысуд Глыбоцкага райсуду журналістам не ўдалося.

Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2017 годзе (Табліца, абнаўляецца)

Каментары