406

У Глыбокім НЕ асудзілі Змітра Лупача. Суддзя вярнуў справу на дапрацоўку

27.01.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Глыбокім 27 студзеня слухалася чарговая адміністрацыйная справа журналіста-фрылансера Змітра Лупача. Яго зноў судзілі па сумнавядомым артыкуле 22.9 КаАП — за супрацу з тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі.

Гэтым разам штраф незалежны журналіст не атрымаў, бо суддзя Станіслаў Трапук вярнуў справу ў міліцыю на дапрацоўку. Паводле суддзі, фактычную і канкрэтную дату інтэрв’ю, то бок адміністрацыйнага правапарушэння, немагчыма дакладна вызначыць.

Зміцер Лупач кажа, што ў яго было спадзяванне на тое, што судовае слуханне скончыцца менавіта так. Журналіст напярэдадні азнаёміўся са справай і ведаў, што дата адміністрацыйнага правапарушэння дакладна не тая. Ён падрыхтаваў усе неабходныя дакументы, хадайніцтвы і нават запісаў для суда на дыск відэасюжэт з дзяржтэлеканала, у кадр якога патрапіў у меркаваны дзень свайго адміністрацыйнага правапарушэння. Сюжэт тычыўся адкрыцця помніка Антонію Тызенгаўзу ў Паставах, дзе і быў у той час Зміцер Лупач.

Падчас працэсу журналіст падаваў некалькі хадайніцтваў, частку з іх суд задаволіў, у прыватнасці, выклікаць сведкам праваабаронцу Паўла Левінава. Але на пачатку суддзя адхіліў хадайніцтва, каб Левінаў прадстаўляў інтарэсы Змітра Лупача.

Паводле слоў Паўла Левінава, хоць яму і не ўдалося падтрымаць Змітра ў якасці праваабаронцы, але, выступаючы ў якасці сведкі, ён выклаў суду пазіцыю нормаў права.

Сведчыць у суд былі выкліканыя таксама пенсіянеркі з вёскі Падсвілле, якія трапілі ў сюжэт “Белсата” і распавялі журналісту пра праблемы з утрыманнем іх дома мясцовай камунальнай гаспадаркай — пра перапіску з уладамі, пра іх адпіскі і непаразуменне. Для некаторых гэта быў першы ў іх жыцці суд, хоць і ў якасці сведкаў, таму яны не вельмі добра пачувалі сябе ў судзе, нават некаторым рабілася блага. Ім было складана зразумець, чаму судзяць за працу журналіста.

Падтрымаць Змітра з Віцебска прыехала грамадская актывістка Ірына Траццякова, бо перакананая: салідарнасць і падтрымка ў судзе – гэта вельмі важна:

— Важна падтрымліваць адзін аднаго і даводзіць да агульнага ведама пра падобныя суды. Бо незалежных журналістаў судзяць за тое, што яны агалошваюць праблемы простых людзей, на якія не звяртаюць увагу дзяржаўныя СМІ, — зазначыла спадарыня Ірына.

Мясцовыя журналісты таксама прысутнічалі ў зале суда, каб падтрымаць калегу.

Нагадаем, сёлета ў Змітра Лупача гэта ўжо другая адміністрацыйная справа за прафесійную дзейнасць. 10 студзеня суддзя Пастаўскага раённага суда Наталля Максімовіч пакарала журналіста штрафам у памеры 42 базавыя велічыні паводле артыкула 22.9 КаАП за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца) АБНАЎЛЯЕЦЦА

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!