818

У Гародні абдыўся прэс-клуб для мясцовых журналістаў і актывістаў

12.03.2017 Крыніца: Мікіта Пастухоў для baj.by

У Гародні абдыўся прэс-клуб для мясцовых журналістаў і актывістаў.

Прэс-клуб арганізаваны грамадзянскай кампаніяй "Будзьма беларусамі" і меў назву "Калі цябе няма ў інтэрнэце, ты не існуеш”.

У якасці спікераў удзельнічалі галоўны рэдактар інтэрнэт-часопіса пра Мінск CityDog.by Сяргей Сахараў (ён не змог прыехаць у Гародню і быў на скайп-сувязі), галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота, лідарка грамадскага аб`яднання раварыстаў "ВелаГродна" Юлія Каляда і я, карэспандэнт “Газеты Слонімскай”, Мікіта Пастухоў. Таксама ў дыскусіі бралі ўдзел гродзенскія грамадскія актывісты і журналісты. 

Пасля заканчэння чатырохгадзіннага прэс-клуба аўтар гэтых радкоў задаў некалькі пытанняў каардынатару па рэгіёнах грамадзянскай кампаніі "Будзьма беларусамі"і вядомай грамадскай актывістцы Анастасіі Дашкевіч.

— Наста, як, на Ваш погляд, выглядае сітуацыя з грамадскай дзейнасцю ў рэгіёнах?

— Мне здаецца, што ў нас уся краіна — адзін суцэльны рэгіён, дзе ў цэлым усюды ёсць куды імкнуцца. Я не магу сказаць, што ў Беларусі моцная грамадзянская супольнасць. Ні ў Мінску, ні ў Гродна, ні ў Слоніме, ні ў Слуцку. І для гэтага адбываюцца падобныя сустрэчы, каб СМІ ведалі, чым жывуць актывісты, што ім патрэбна. А актывісты мусяць распавядаць пра сабе і тлумачыць, чаму пісаць пра іх — гэта выгодна як для СМІ, так і для краіны ў цэлым. Я не магу сказаць, што ёсць горад, дзе слабая грамадзянская супольнасць, а ёсць — дзе моцная. Мы паўсюль самі становімся аўтарамі тых пераменаў, што адбываюцца ў краіне.

— Як Вы думаеце, адбудуцца змены ў незалежнай прэсы пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Іосіфам Сярэдзічам?

— Я спадзяюся, што ахвяра Сярэдзіча чагосьці каштавала, таму што многія людзі яго падтрымалі, але некаторыя не. І я вельмі спадзяюся, што гэта рэпутацыйная ахвяра дасць плён. Калі незалежная прэса павінна з`явіцца ў шапіках, яна таксама павінна разумець, што, магчыма, гэтаму  будзе ліміт — як пачалося, гэтак жа можа і скончыцца. І мы павінны адпрацаваць на ўсе 100 адсоткаў, выкарыстаць сітуацыю. І калі якая-небудзь газета раптам зноў знікне з шапікаў, чытач скажа: "А дзе мая газета, што я чытаў?" Вось гэтага трэба дасягнуць, знайсці ўдзячнага чытача.

P.S.

Праз Насту Дашкевіч я перадаў папяровы нумар “Газеты Слонімскай” яе мужу, лідару “Маладога Фронта” Змітру Дашкевічу. Але невядома, ці паспеў Зміцер яго прачытаць, бо раніцой 10 сакавіка палітык быў затрыманы.

Фота Змітра Мацыяка

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!