1568

У гандлёвым цэнтры “Мандарын-Плаза” ў Гомелі перашкаджалі распаўсюджваць “Народную волю”

10.10.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У заяве, накіраванай 10 кастрычніка на імя дырэкцыі “Мандарын-Плаза”, гомельскія праваабаронцы Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны патрабуюць прынесці ім пісьмовае прабачэнне, правесці службовую праверку і пакараць дысцыплінарна ахоўнікаў гэтага гандлёва-забаўляльнага цэнтра – за перашкоду ў распаўсюдзе газеты “Народная воля” са спецыяльным дадаткам супраць смяротнага пакарання.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/snimok_19.jpg

“У Беларусі ладзіцца інфармацыйны тыдзень супраць смяротнага пакарання. 9 кастрычніка ў калідоры “Мандарын-Плаза” мы бясплатна раздавалі “Народную волю” разам з адмысловым дадаткам на гэтую тэму. І тут умяшаліся ахоўнік Дзмітрый Юрчанка і адміністратар гандлёвага цэнтра Віталь Новікаў, хапалі рукамі за вопратку,  усяляк перашкаджаючы распаўсюду газеты. Патлумачыць, чаму забараняецца раздаваць газету яны не змаглі. Выклікалі міліцыю”.

Па словах праваабаронцы, супрацоўнікі Савецкага райаддзела міліцыі таксама канстатавалі адсутнасць у наяўных правілах гандлёвага цэнтра забароны на распаўсюд газет.  Праваабаронцаў міліцыя не затрымлівала – узялі толькі пісьмовыя тлумачэнні ў Судаленкі і Паплаўнага.

Дырэктар гандлёвай сеткі “Мандарын-Плаза” Ігар Падсценны так пракаментаваў службе маніторынгу ГА “БАЖ” інцыдэнт:

“Ведаеце, што адбылося ў гандлёвым цэнтры “Еўропа” ў нас у Мінску? Людзей ужо бензапілой  рэжуць. Трэба было прыйсці ў адміністрацыю і напісаць заяву на распаўсюд газеты “Народная воля”. Вось і ўсё. А то нейкі ідыёт падскочыў бы да распаўсюднікаў, нешта ўчыніў бы, і ў нас былі б праблемы, чаму не адрэагавалі”.

У гандлёвых цэнтрах Гомеля бесперашкодна раздаюць не толькі “Народную волю”, але і мясцовыя выданні “Субота”, “Пенсіянер” ды некаторыя іншыя. Той жа Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны пасля інцыдэнту раздалі рэшту асобнікаў “Народнай волі” на рынку “Давыдаўскі” і чулі ў адказ ад гараджанаў толькі словы падзякі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!