458

У дзяржаўных крам для недзяржаўнай газеты няма свабодных гандлёвых плошчаў

19.11.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

Галоўны рэдактар штотыднёвіка “Борисовские новости” Анатоль Букас месяц таму звярнуўся да дырэктара ААТ “Веста-Барысаў” Людмілы Кулінчык з просьбай заключыць дамову на продаж газеты ў крамах гандлёвага прадпрыемства.

ААТ “Веста-Барысаў” налічвае ў горадзе 48 гандлёвых аб’ектаў і мае амаль 100 % уласнасці Барысаўскага раёна ў сваім устаўным капітале. Распаўсюд праз гэтакую разгалінаваную гандлёвую сетку даў бы магчымасць “Борисовским новостям” павялічыць аб’ём рэалізацыі выдання. Гэта б станоўча паўплывала на супрацоўніцтва з рэкламадаўцамі і, адпаведна, фінансавы стан газеты.

Дырэктар ААТ “Веста-Барысаў” у адказе на зварот рэдактара напісала, што на сёння ў Беларусі выдаецца велізарная колькасць друкаванай прадукцыі, і продаж яе адбываецца праз спецыялізаваныя кнігарні і шапікі. А рэалізацыя друкаваных выданняў з’яўляецца толькі дапаможным складнікам гандлю прадпрыемства, якім яна кіруе.

Наяўнасць на паліцах крам “Веста-Барысаў” дзяржаўнай раённай газеты "Адзінства" (друкаванага органа Барысаўскага райвыканкама) Людміла Кулінчык тлумачыць так: “З рэдакцыяй газеты "Адзінства" наша прадпрыемства злучаюць доўгатэрміновыя дамоўныя дачыненні, у адпаведнасці з якімі мы шмат гадоў назад узялі на сябе абавязацельствы па рэалізацыі гэтага друкаванага выдання. Продаж гэтай газеты адбываецца на прыкасавых зонах нашых гандлёвых аб'ектаў і ў невялікай колькасці на стойках у гандлёвых залах”.

Выснова, якую робіць дырэктар ААТ "Веста-Барысаў" напрыканцы адказу, гучыць для недзяржаўнай газеты як вырак: "ААТ "Веста-Барысаў" не мае тэхнічнай магчымасці дадатковага размяшчэння і рэалізацыі друкаваных выданняў, у тым ліку і газеты “Борисовские новости” на сваіх гандлёвых плошчах".

Галоўны рэдактар “Борисовских новостей” Анатоль Букас мае намер абскардзіць адказ кіраўніцы гандлёвага прадпрыемства ААТ “Веста-Барысаў” у Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.