537

У дзень народзінаў Лунінецкай філіі ГА “БАЖ” журналісты сабраліся на “кватэрнік”

21.12.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Лунінецкая філія адзначыла 19-годдзе з дня афіцыйнай рэгістрацыі.

“Кватэрнік” прайшоў у стылізаваным інтэр’еры краязнаўчага музея, супрацоўнікі якога гасцінна сустрэлі журналістаў.

Падчас сустрэчы сябры ГА “БАЖ” дэманстравалі свае творчыя здольнасці. І не толькі творчыя, а і кулінарныя. Напрыклад Вікторыя Мікуліч прыгатавала да гарбаты імбірнае печыва — яно ўсім прыйшлося да спадобы.

Таццяна Качаноўская падрыхтавала сюрпрыз у выглядзе цукерак з “прагнозамі” на 2019 год, Вадзім Жылко павесяліў прысутных анекдотамі, Людміла Хмялеўская спявала пад гітару.

Выступілі на “кватэрніку” і мясцовыя барды, героі журналісцскіх публікацый.

Як адзначыла старшыня філіі Алена Насковіч, за напружанай працай не стае часу збірацца разам для душэўных размоў. “Кватэрнік” у дзень народзінаў дазволіў сябрам філіі адчуць сябе адной сям’ёй. 

Да слова, падчас Рады ГА "БАЖ" Лунінецкая філія была адзначаная дыпломам "За паспяховую рэалізацыю планаў філіі і гуртаванне супольнасці".