427

У дзень народзінаў брэсцкага журналіста Яўгена Скрабца суд пакараў штрафам за працу без акрэдытацыі

31.10.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Падставай для разгляду адміністрацыйнай справы ў Ленінскім райсудзе Брэста стаў рэпартаж “Графіці на сценах Берасцейскай фартэцыі”, апублікаваны на сайце “Радыё Рацыя”.

Перад пачаткам судовага пасяждэння сябры брэсцкай філіі ГА ”БАЖ” і грамадскія актывісты зладзілі сваесаблівы перформанс, каб павіншаваць Яўгена Скрабца з днём нараджэння: каля будынка суда журналіста пачаставалі тортам і цукеркамі.  

Што да самой справы, то ў якасці сведкі была выкліканая дырэктар Брэсцкай гарадской бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Святлана Гарадзецкая. Яна пацвердзіла, што не мае ніякіх заўваг да зместу рэпартажа, зробленага пасля імпрэзы ў бібліятэцы. Тым не менш, яе сведчанні былі падставай для пакарання Скрабца, які нібыта ў часе гэтай імпрэзы “выконваў функцыі замежнага журналіста, чым парушыў заканадаўства, браў інтэрв'ю, фатаграфаваў графіці”.

Сам Яўген Скрабец, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі РБ, адмовіўся даваць паказанні, але адзначыў, што лічыць пакаранне паводле артыкула 22.9 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) пераследам за прафесійную дзейнасць, нягледзячы на тое, што паводле Канстытуцыі мае права збіраць інфармацыю.

У выніку суддзя Алена Карпава прызнала Яўгена Скрабца вінаватым у правапарушэнні і пакарала штрафам у памеры 20 базавых велічынь (490 рублёў).

У гэты ж дзень суд Ленінскага раёна Брэста разгледзеў адміністрацыйную справу мясцовых журналістаў Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай, якіх вінавацілі ў супрацоўніцтве з тэлеканалам “Белсат”. З матэрыялаў справы вынікае, што журналісты 4 кастрычніка бралі інтэрв'ю ў блогера Сяргея Пятрухіна і грамадскага актывіста Рыгора Астапука пра пераслед праціўнікаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода каля Брэста.

Алесь Ляўчук заявіў у часе судовага слухання, што лічыць справу сфабрыкаванай, бо падчас азнаямлення з матэрыяламі складзенага на яго пратакола не змог вызначыць прозвішчаў супрацоўнікаў міліцыі, якія былі пазначаныя ў якасці сведак. Больш таго, гэтыя міліцыянты не выйшлі з залы, калі працэс ужо пачаўся, чым парушылі заканадаўства.

Як і ў справе Яўгена Скрабца, суддзя Алена Карпава палічыла, што віна журналістаў Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай у парушэнні артыкула 22.9 КаАП даказаная. Ляўчук пакараны штрафам памерам 50 базавых велічынь (1225 рублёў), а Харытонава — 30 базавых велічынь (735 рублёў).

Варта дадаць, што для Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай на працягу апошніх двух тыдняў гэты ўжо чацвёртае судовае рашэнне, паводле якога яны мусяць сплаціць штраф.

На 2 лістапада ў Ленінскім райсудзе Брэста прызначаны разляд чарговых адміністрацыйных спраў за парушэнне заканадаўства аб СМІ, дзе зноў фігуруюць Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава і Яўген Скрабец.