509

У Дрыбіне актывіста будуць судзіць за дызлайк у “Одноклассниках”

06.12.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Грамадскага актывіста Андрэя Юркова 13 снежня выклікаюць у суд Дрыбінскага раёна ў якасці асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс паводле ч.2 арт. 17.11 КаАП Рэспублікі Беларусь — нібыта за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства.

Пачатак судовага слухання прызначаны а 10-ай раніцы. Пра гэта Андрэй Юркоў паведаміў на сваёй старонцы ў facebook.

Напрыканцы лістапада супрацоўнікі міліцыі склалі на Андрэя Юркова адміністрацыйны пратакол нібыта за распаўсюд нацыскай сімволікі. Сам ён з выстаўленымі абвінавачаннямі не пагадзіўся і напісаў у пратаколе, што нічога не размяшчаў на сваёй старонцы, а проста паставіў дызлайк пад чужым матэрыялам.

За гэты дызлайк яму зараз пагражае штраф у памеры ад 10 да 50 базавых велічынь.

Андрэй Юркоў — добра вядомы ў Магілёўскай вобласці грамадскі актывіст. На парламенцкіх выбарах 2019 года ён вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Горацкай выбарчай акрузе №82. Згодна афіцыйнай інфармацыі ЦВК, падчас гэтых выбараў за Юркова аддалі свае галасы 7.21% выбаршчыкаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!