448

У Драгічыне медыкі не далі інфармацыю пра захворванні на COVID-19 незалежным журналістам, пакуль гэта не апублікавала дзяржаўная “раёнка”

04.05.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: COVID-19

Пра тое, што ў Драгічынскім раёне з’явіліся дзве асобы, што маюць станоўчыя тэсты на COVID-19, журналісты анлайн-выдання “Першы Рэгіён” даведаліся з уласных крыніц і вырашылі спраўдзіць інфармацыю ў мясцовай раённай бальніцы. Аднак у тэлефоннай гутарцы галоўны лекар медустановы Аляксандр Пратасевіч гэтыя звесткі не пацвердзіў і патлумачыў, што пакуль “інфармацыя ўдакладняецца”.

Цікавасць журналістаў да гэтай тэмы была выкліканая тым, што ў суседніх з Драгічынскім раёнах пра першыя выпадкі каранавіруса было вядома яшчэ ў першай палове красавіка. Увогуле ж падрабязнай статыстыкі пра колькасць захворванняў на COVID-19 па кожным рэгіёне Брэсцкай вобласці атрымаць дагэтуль немагчыма.

Пакуль галоўны лекар раіў незалежным журналістам чакаць “удакладненых” звестак, на сайце мясцовай дзяржаўнай газеты “Драгічынскі веснік” з’явілася нататка пра пацверджаныя факты каранавіруса са спасылкай… на раённую бальніцу.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі чыноўнікі ад медыцыны аддаюць перавагу выключна дзяржаўным выданням датычна інфармавання пра каранавірус. Раней “Першы Рэгіён” сутыкнуўся з такой жа сітуацыяй у Івацэвічах.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!