124 0

У Докшыцах з’явіўся памятны знак у гонар мясцовай “раёнкі”, а таксама новая традыцыя для школьнікаў

11.11.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Некаторыя называюць яго помнікам друкавальнай машынцы, бо менавіта машынка стала “знакавай” часткай новага манумента.

Помнік уяўляе сабой вялікі валун, які адмыслова прывезлі ў райцэнтр, каб паставіць каля рэдакцыі газеты “Родныя вытокі”. Кавалі глыбоцкага прыватнага прадпрыемства  «В ажуре» зрабілі дакладную копію рэдакцыйнай друкавальнай машынкі, а таксама вялікую ручку, паведамляе абласная газета “Віцебскія весці”.

З машынкі “выходзіць” аркуш, на якім “надрукавана фраза “В начале было слово…” А на камені прымацавана  таблічка з ранейшымі  назвамі  “раёнкі” — “Партизанская правда”, “Ленінская праўда”, “Ленінская трыбуна — і цяперашняй, “Родныя вытокі”.

Паводле рэдактара газеты Аляксандра Варанковіча, новы памятны знак ужо спарадзіў новую традыцыю, якая мае стаць папулярнай у школьнікаў, калі не браць у разлік журналістаў. Кажуць, калі пацерці жалезную асадку, то гэта дапаможа больш лагічна выкладаць свае думкі і быць больш пісьменным. 

Каментары