234

У Докшыцах спынілі адміністрацыйную справу супраць Змітра Лупача

19.05.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суддзя Докшыцкага раённага суда Дзяніс Корсак 18 траўня спыніў адміністрацыйную справу журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача. Журналіста вінавацілі ў парушэнні Закона аб СМІ і хацелі прыцягнуць да адказнасці паводле артыкула 23.5 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Пратакол на яго склаў маёр міліцыі Докшыцкага  РАУС Андрэй Юргель.

Гэтым разам падставай стаў фельетон на YouTube-канале “Белсата” пад назвай “Леніна знайшлі загорнутым у цэлафан”.

Сведкам на судзе ў Змітра Лупача быў краязнаўца з Докшыцкага раёна Кастусь Шыталь, які быў героем фельетона. Кастусь сказаў, што запісвала яго жанчына, а не Зміцер Лупач. Другім сведкам павінна была быць журналіст-фрылансер з Віцебска Алена Шабуня. Але яна на суд не з’явілася, бо знаходзіцца за мяжой. Суддзя пастанавіў працягваць судовы працэс без яе прысутнасці.

Заслухаўшы паказанні сведкі, самога абвінавачанага і вывучыўшы справу, суддзя Дзяніс Корсак пасля дзесяціхвіліннага перапынку агучыў рашэнне спыніць справу за недаказанасцю.

Зміцер Лупач кажа, што быў здзіўлены і не чакаў такога выніку суда. Маўляў, падчас іншых працэсаў у дачыненні да яго здаралася, спадзяваўся на спыненне спраў, але зараз сапраўды не чакаў такога завяршэння. Меркаваў, што прызначаць штраф, і хваляваўся, што будуць яшчэ якія-небудзь наступствы.  

Падтрымаць Змітра Лупача прыехалі яго калегі-журналісты з Глыбокага, а таксама докшыцкія грамадскія актывісты. Але на судовы працэс пусцілі не ўсіх — толькі чатырох чалавек, хоць, як казалі жыхары Докшыц, раней у залу суда пускалі пяць чалавек. Як паведаміла прысутным сакратар судовага пасяджэння, пусцяць чатырох, бо слуханне справы будзе адбывацца ў меншай зале.

Зміцер падзякаваў усім за падтрымку і салідарнасць, якія вельмі важныя ў такі няпросты час.

Наперадзе глыбоцкага журналіста чакае яшчэ адзін суд — 25 траўня ў Браславе. Яго зноў будуць судзіць за фельетон.

Да таго ж увечары 18 траўня маёр міліцыі Сяргей Цырбан выклікаў Змітра Лупача ў Глыбоцкі РАУС. Падставай выкліку таксама стаў фельетон журналіста, у выніку міліцыянты склалі чарговы пратакол паводле арт. 23.5 КаАП.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!