820

У Бярозе сёння працяг судовага працэсу над незалежнай журналісткай Тамарай Шчапёткінай

15.11.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Журналістку-фрылансера, сябра ГА “БАЖ” Тамару Шчапёткіну вінавацяць у “незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ” на падставе артыкула 22.9 Кодэкса РБ аб адміністратыўных правапарушэннях.

14 лістапада суддзя Бярозаўскага раёна Алена Нямкова заслухала ў якасці сведкі Анатоля Джыгу — маёра міліцыі ў адстаўцы і цяперашняга юрыста сельгаспрадпрыемства “Гарадзец-Агра” Кобрынскага раёна. Менавіта ён быў адным з удзельнікаў працэсу 28 верасня ў судзе Кобрынскага раёна і гэты працэс у якасці журналіста асвятляла Тамара Шчапёткіна.

Аднак сведка Анатоль Джыга не мог узгадаць ні прозвішча журналіста, ні які сродак масавай інфармацыі Шчапёткіна прадстаўляла. У выніку суддзя Алена Нямкова вырашыла выклікаць у якасці сведак кобрынскага грамадскага актывіста Алеся Меха (у пісьмовым тлумачэнні ён ужо адзначыў, што нічога не ведае пра журналісцкую працу Тамары Шчапёткінай падчас знаходжання ў судзе Кобрынскага раёна) і даярку Вольгу Псышчаніцу, справа якой разглядалася ў той дзень у Кобрынскім райсудзе.

Працяг слуханняў справы Тамары Шчапёткінай  у судзе Бярозаўскага раёна прызначаны на 15 лістапада а 14.30.