209

У Брэсцкай вобласці збіраюць подпісы за доступ да інфармацыі, звязанай з COVID-19

29.04.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Публікацыі на сайтах дзяржаўных органаў поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi пра санітарна-эпідэміялагічную абстаноўку на Брэстчыне дамагаецца грамадская арганізацыя “За свой горад”.

У сваім звароце прадстаўнікі арганізацыі адзначаюць, што 8 красавіка на сайце Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (ЦГЭіГЗ) была размешчаная інфармацыя пра колькасць пацыентаў у Брэсцкай вобласці з пацверджаным дыягназам COVID-19. Гэтыя звесткі ў 9 разоў разыходзіліся са статыстыкай па рэгіёне, якую ў той жа дзень абнародавала Міністэрства аховы здароўя.

Гэты факт выклікаў шмат пытанняў у грамадскасці, аднак афіцыйных тлумачэнняў наконт такой адрознасці агучаных лічбаў не было. Між тым, больш інфармацыя пра колькасць хворых з дыягназам COVID-19 у Брэсцкай вобласці на парталах дзяржаўных устаноў рэгіёна не з’яўлялася — больш за тое, з сайта Брэсцкага абласнога ЦГЭіГЗ зніклі звесткі ад 8 красавіка.

“На прыкладзе сітуацыі з распаўсюдам COVID-19 мы бачым, што сваімі дзеяннямі (а хутчэй, бяздзейнасцю) улады груба парушаюць Канстытуцыю, Грамадзянскі кодэкс, Закон “Аб ахове навакольнага асяроддзя”, Закон “Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва”, — кажа кіраўнік арганізацыі “За свой горад” Ігар Маслоўскі.

Ён перакананы, што замоўчванне праблемы заўсёды вядзе да яе пагаршэння, бо ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра жыццё і здароўе людзей.

Ініцыятары звароту спасылаюцца на Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і заканадаўства краіны, у адпаведнасці з якімі грамадзянам краіны гарантавана права на:

- спрыяльнае асяроддзе пражывання;

- папярэджанне прычынення шкоды жыццю і здароўю;

- пакрыццё шкоды, прычыненай жыццю і здароўю ў выніку парушэння арганізацыямі і фізічнымі асобамі заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва;

- атрыманне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi пра санітарна-эпідэміялагічную абстаноўку, стан асяроддзя пражывання чалавека.

Арганізацыя “За свой горад” выстаўляе да мясцовых ўладаў патрабаванне штодня публікаваць на сайтах дзяржаўных органаў улады поўную, дакладную і своечасовую інфармацыю пра санітарна-эпідэміялагічную абстаноўку ў Брэсцкай вобласці, звязаную з эпідэміяй захворванняў на COVID-19.

Гэтая інфармацыя павінна ўключаць агульную колькасць тых, хто захварэў (з указаннем полаўзроставай структуры); колькасць тых, хто захварэў у кожным раёне і населеным пункце; колькасць смяротных зыходаў сярод тых, хто захварэў на COVID-19 і каму пастаўлены дыягназ “пнеўманія” з указаннем геаграфіі.

Таксама ад мясцовых органаў улады патрабуюць прыняць належныя меры па прафiлактыцы распаўсюду эпідэміі захворванняў на COVID-19 у Брэсцкай вобласці.

“Мы ўпэўненыя, што выкананне гэтых двух умоў будзе садзейнічаць захаванню жыцця і здароўя людзей, рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян, а таксама будзе перашкаджаць спараджэнню панікі і чутак”, — адзначае Ігар Маслоўскі.

Калектыўны зварот будзе накіраваны ў Брэсцкі аблвыканкам, Брэсцкі абласны ЦГЭіГЗ і пракуратуру Брэсцкай вобласці. Падпісаць зварот можна тут.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!