191

У Брэсце журналісты абмеркавалі, як пісаць пра людзей з інваліднасцю

13.03.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Брэсцкія журналісты, сябры ГА “БАЖ”, прынялі актыўны ўдзел у трэнінгу на тэму “Не абмяжоўвайце сваё медыя. Як стварыць цікавы матэрыял пра людзей з інваліднасцю”.

Мерапрыемства для супрацоўнікаў медыя 12 сакавіка ладзілі ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” і Прэс-клуб Беларусь. Паводле намесніцы дырэктара Прэс-клуба Алы Шарко, такія трэнінгі бліжэйшым часам пройдуць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Яны мусяць дапамагчы журналістам, якія зацікаўленыя ў падрыхтоўцы публікацый і відэасюжэтаў пра праблемы людзей са спецыяльнымі патрэбамі.

Сам трэнінг пабудаваны на адмысловых прыкладах, якія даюць уяўленне пра лепшыя інклюзіўныя практыкы, а таксама дапамагаюць разабрацца, што варта, а што зусім не пажадана выкарыстоўваць у журналісцкіх матэрыялах у дачыненні да людзей з інваліднасцю. У прыватнасці, акцэнт быў зроблены на тым, што неабходна адрозніваць медыцынскі і сацыяльны падыход. Варта пазбягаць некарэктнай тэрміналогіі ў дачыненні да гэтых людзей.

Удзельнікі дыскусіі распавялі пра свой досвед у падрыхтоўцы падобных матэрыялаў, стаўленне да стэрэатыпаў і памылак, якія сустракаюцца ў медыйнай прасторы.

Падчас трэнінгу быў абвешчаны конкурс для журналістаў на лепшы матэрыял альбо медыйны прадукт, прысвечаны людзям з інваліднасцю. Мэта конкурсу —  прыцягнуць увагу журналістаў да гэтай тэмы і падвысіць прафесійны ўзровень  асвятлення яе ў СМІ.

Серыя трэнінгаў ладзіцца ў межах праекту “Прасоўванне інтарэсаў людзей з інваліднасцю”, які рэалізуе ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).