182

У Брэсце з трэцяй спробы пакараны штрафам Яўген Скрабец

11.04.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Адміністрацыйную справу ў дачыненні да брэсцкага журналіста-фрылансера разглядаў 11 красавіка суддзя Ленінскага раёна Брэста Аляксандр Семянчук.

Чарговая справа была заведзена паводле артыкула 22.9 КаАП, за тое, што Яўген Скрабец “узяў інтэрв’ю без акрэдытацыі, чым парушыў правы і абавязкі журналіста замежнага СМІ”. Варта заўважыць, што раней суд двойчы вяртаў складзены па гэтай справе пратакол на дапрацоўку.

Як адзначыў Яўген Скрабец, ён сапраўды быў у Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, дзе рабіў фотаздымкі каштоўнага экспаната і браў каментар у археолага Аляксандра Башкова, пасля чаго выклаў іх у інтэрнэце.

— Якім чынам з’явіўся артыкул на сайце “Радыё Рацыя”, які згадваецца ў міліцэйскім пратаколе, я не ведаю, бо не маю адміністратарскага доступу да гэтай інтэрнэт-старонцы”, — кажа Яўген Скрабец.

Тым не менш, суддзя Аляксандр Семянчук пакараў фрылансера штрафам у памеры 30 базавых велічынь — 765 рублёў. (Дарэчы, менавіта гэты суддзя разглядае крымінальную справу брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна, якога абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкула 188 (“Паклёп”) і часткі 2 артыкула 189 (“Абраза”) Крымінальнага кодэкса РБ.)

12 красавіка Яўгена Скрабца чакае разгляд іншай справы: гэтым разам у судзе Брэсцкага раёна. Пратакол па ёй таксама быў накіраваны на дапрацоўку ў міліцыю і тычыцца матэрыяла на сайце “Радыё Рацыя” пад назвай “Актывістаў і незалежных журналістаў не пусцілі на прэс-канферэнцыю ў Берасці”.