1784

У Брэсце супрацоўнік ідэалагічнага ўпраўлення перашкаджаў працаваць журналістам

27.11.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Сябры ГА “БАЖ” Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава рабілі сюжэт з нагоды культурнай падзеі – закрыцця сёлетняга праекту “Модны чацвер у музеі”.

Яны збіраліся ўзяць каментар у супрацоўнікаў абласнога карязнаўчага музею. Арганізатары адмовіліся гутарыць з журналістамі, спаслаўшыся на забарону начальніка аддзела па працы са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Вадзіма Ляўковіча.

“Раней мы ўжо здымалі некалькі сюжэтаў пра праект “Модны чацвер у музеі” і ніякіх адмоваў ад супрацоўнікаў краязнаўчага музея не было, – распавёў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Алесь Ляўчук. – Нават зараз, распавёўшы пра загад чыноўніка-ідэолага, адзін з супрацоўнікаў заўважыў, што яму шкада адмаўляцца распавядаць пра падзею, і ён лічыць забарону глупствам”.

Неўзабаве да незалежных журналістаў падышоў сам Вадзім Ляўковіч і запатрабаваў ад іх паказаць акрэдытацыю. Падчас сёлетняй выбарчай кампаніі гэты ж ідэолаг спрабаваў забараніць здымкі на выбарчым участку.

Нагадаем, што напрыканцы 2014 года і на пачатку 2015-га за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат” Алеся Ляўчука тройчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці на падставе артыкула 22.9 КаАП. Агулам суд пакараў журналіста штрафам на суму 18 мільёнаў 780 тысяч рублёў.