187 0

У Брэсце суд разгледзеў скаргі фрылансераў, аштрафаваных за працу без акрэдытацыі

06.12.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Скаргу журналісткі з Бярозы Тамары Шчапёткінай 6 снежня Брэсцкі абласны суд пакінуў без задавальнення, а адну са спраў Міланы Харытонавай і Алеся Ляўчука з Брэста накіраваў на новы разгляд.

Тамара Шчапёткіна была пакараная 5 лістапада суддзёй Бярозаўскага райсуда Наталляй Вакульчык штрафам у памеры 35 базавых велічынь за рэпартаж пра юбілейны нумар літаратурнага часопіса “Жырандоля”. Рэпартаж змясцілі на сайце “Радыё Рацыя”, а падставай для абвінавачання сталі здымкі з удзелам у мерапрыемстве Шчапёткінай, калі яна запісала ўдзельнікаў прэзентацыі часопіса на дыктафон. Суд палічыў, што такім чынам Тамара Шчапёткіна вырабіла прадукцыю для замежнага СМІ без акрэдытацыі.

Падчас разгляду сваёй скаргі фрылансер з Бярозы зрабіла заяву, што не з'яўляецца журналістам “Радыё Рацыя” і ў якасці доказа прадставіла копію працоўнай кніжкі. Акрамя таго, Тамара Шчапёткіна адзначыла, што беларускае заканадаўства і міжнароднае права гарантуе ёй права на распаўсюд і атрыманне інфармацыі, а таксама выказванне меркавання.

Гэтыя аргументы не паўплывалі на рашэнне суддзі Брэсцкага абласнога суда Русланы Сянько, яна адхіліла скаргу журналісткі і пакінула пастанову суда Бярозаўскага раёна без зменаў.

Як паведаміла Тамара Шчапёткіна, яна мае намер прайсці ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі і, калі гэта не дапаможа, звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Таксама у Брэсцкім абласным судзе 6 снежня разглядаліся скаргі журналістаў-фрылансераў, сябраў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Міланы Харытонавай і Алеся Ляўчука на пастановы судоў Ленінскага раёна горада Брэста і суда Камянецкага раёна. Іх таксама пакаралі паводле артыкула 22.9-2 КаАП РБ.

Суддзя Руслана Сянько ў выніку адмяніла пастанову Ленінскага райсуда Брэста і накіравала адміністрацыйную справу на разгляд да іншага суддзі. Па другой справе суддзя Аляксандр Саўчук пакінуў скаргу без задавальнення.