226

У Брэсце грамадскія актывісты і журналісты абмеркавалі магчымасці ўзаемадзеяння

31.07.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Ініцыятыва правядзення круглага стала пад назвай “Грамадскасць і СМІ: выклікі і поспехі супрацоўніцтва” належыць прадстаўнікам некамерцыйнай арганізацыі “За свой горад”.

Паводле кіраўніка арганізацыі Ігара Маслоўскага, галоўная мэта мерапрыемства — палепшыць камунікацыі паміж СМІ, блогерамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ў Брэсце.

У горадзе хапае прыкладаў рэалізацыі цікавых і карысных праектаў, якія вартыя ўвагі журналістаў. Так грамадскае аб’яднанне “Клуб дзелавых жанчын” ужо шмат гадоў займаецца псіхалагічнай падтрымкай ахвяр хатняга гвалту, педафіліі, гандлю людзьмі.

У сваю чаргу арганізацыя “За свой горад” знайшла крэатыўны падыход у інфармаванні жыхароў Брэста пра дзейнасць мясцовых органаў улады, распачаўшы праект “Знайдзі дэпутата”. Як адзначыў Маслоўскі, у Брэсцкім гарадскім савеце дэпутатаў са здзіўленнем даведаліся, што на яго пасяджэннях могуць прысутнічаць звычайныя грамадзяне, а ў пракуратуры — што можна атрымаць заяву ад выбаршчыка на дэпутата, які не выконвае свае абавязкі.

Кіраўнік агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” Дзмітрый Шыманскі запрасіў удзельнікаў круглага стала браць актыўны ўдзел у арганізацыі сумесных праектаў, скіраваных на адраджэнне гістарычнай і культурнай спадчыны ў Брэсце.

Калі журналісты прапанавалі прадстаўнікам грамадскіх аб’яднанняў сваё бачанне, як зрабіць супрацу больш эфектыўнай, адбылася дыскусія. На думку журналістаў, трэба выкарыстоўваць самыя розныя шяхі інфармацыйнага ўзаемадзеяння. Гаворка ішла не толькі пра неабходнасць прэс-рэлізаў і актыўнасці ў сацыяльных сетках, але і пра пошук цікавых гісторый і людзей з незвычайным лёсам, якія б далі журналістам магчымасць ствараць эксклюзіўныя публікацыі.

“Усе выказаліся за тое, што можна супрацоўнічаць больш інтэнсіўна, і паляпшэнне камунікацый будзе толькі на карысць грамадству ў нашым горадзе”, — падсумаваў вынікі сустрэчы Ігар Маслоўскі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!