1064

У Брэсце адкрылася выстава пра цэнзуру і самацэнзуру ў сучаснай творчасці

08.12.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Калектыўны праект пад назвай “Як бы чаго не здарылася” спачатку быў размешчаны на пляцоўцы культурніцка-адукацыйнага цэнтру ЦЭХ у Мінску, а цяпер з экспазіцыяй можна азнаёміцца ў памяшканні брэсцкай галерэі “Прастора КХ”.

У праекце бяруць удзел творчыя асобы з Беларусі, Украіны і Расіі.

Экспазіцыя складаецца з работ, якія альбо прайшлі праз цэнзуру і засталіся непрэзентаванымі для шырокай публікі, альбо так ці інакш звязаныя з тэмай свабоды слова.

Як паведаміў адзін з куратараў выставы Аляксей Талстоў, “Як бы чаго не здарылася” — доўгатэрміновы міжнародны праект, у межах якога пройдзе серыя імпрэзаў у розных гарадах і краінах. Адзін з важных элементаў праекта — даследаванне праяваў цэнзуры і самацэнзуры, у тым ліку і ў лакальным кантэксце.

Менавіта пра мясцовыя прыклады распавяла на адкрыцці выставы ў Брэсце дырэктар “Прасторы КХ” Аксана Гайко.

“Для гісторыі нашага творчага калектыва — "Свабоднага тэатра" — гэта экспазіцыя мае аўтабіяграфічны кантэкст, бо менавіта з-за цэнзуры больш за дзесяць гадоў нашы спектаклі былі забароненыя, амаль тры гады мы ўвогуле не мелі магымасць выступаць перад сваімі гледачамі”, — кажа Аксана Гайко.

На выставе, якая будзе працаваць да 24 снежня, можна азнаёміцца з творчымі працамі у такіх жанрах, як відэа, перформанс, фатаграфія і іншыя.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!