423

У Брэсце адбыўся трэнінг “Голас — наш інструмент” з удзелам спявачкі Русі

27.11.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Мерапрыемства арганізавала брэсцкая філія ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і мела на мэце дапамагчы яго ўдзельнікам развіваць уласны голас.

Вакальны іміджмэйкер і педагог па маўленчых практыках Марына Шукюрава (вядомая як спявачка Руся з гурта Shuma) дзялілася сваім досведам, які можа быць карысным не толькі тым журналістам, хто працуе на радыё і тэлебачанні, запісвае падкасты, робіць інтэрв’ю, але і хто проста хоча, каб голас гучаў прыгожа і пераканаўча.

Некаторыя з удзельнікаў трэнінгу шчыра прызнаваліся, што незадаволеныя сваім вымаўленнем (ці то бубненнем пад нос, ці то праглынаннем канчаткаў) і хацелі б выправіць гэта, а таксама пазбавіцца “моўнага бруду” і слоў-паразітаў.

Сам трэнінг складаўся з некалькіх частак: удзельнікі запісвалі свае галасы на дыктафон, а пасля разам з Русяй аналізавалі запіс, рабілі высновы, у якіх сітуацыях можна выкарытоўваць розныя інтанацыі. Асобны занятак прысвяцілі гігіене голасу і правільнай артыкуляцыі.

Руся таксама распавяла журналістам як правільна дыхаць, развіваць і наладзіць сілу голасу, яго гучнасць і глыбіню. Вельмі цікавымі былі яе парады пра тое, як зрабіць, каб голас гучаў прыязна і бадзёра, нават калі захварэў і стаміўся, альбо трэба ўвесь дзень камунікаваць з людзьмі.

Трэнінг яшчэ раз засведчыў, што голас — гэта важны інструмент журналіста і ім трэба ўмела карыстацца і кіраваць у розных сітуацыях.