523

У Брэсце адбыўся круглы стол, прысвечаны ўплыву новых тэхналогій на медыяменеджмент

21.11.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Удзел у мерапрыемстве, якое ладзіла брэсцкая філія ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, прынялі не толькі мясцовыя журналісты і фрылансеры, але і калегі з Мінска, Баранавіч, Лунінца і Барысава.

Пра асаблівасці медыяменеджменту ў сучасных умовах прысутным распавяла экс-рэдактар і генеральны дырэктар “Комсомольской правды” в Беларуси” Галіна Малішэўская. Паводле яе слоў, імклівыя перамены апошніх гадоў сталі сапраўдным выклікам для тых, хто працуе ў медыях.

Малішэўская адзначыла пяць асноўных выклікаў, якія паўсталі ў сферы медыяменеджменту.

Першы з іх тычыцца тэхналогій і звязаны з даступным інтэрнэтам, імклівым распаўсюдам інфармацыі. Гэта патрабуе ад звычайных медыяў браць пад увагу дыктат сацыяльных платформ і самім працаваць на гэтай пляцоўцы. Яшчэ адной важнай асаблівасцю з’яўляецца новая роля дызайну ў прасоўванні інфармацыйнага прадукта.

Другі выклік — інфармацыя ствараецца, распаўсюджваецца і абмяркоўваецца вельмі хутка (цягам  аднаго-двух дзён), а шмат якія рэдакцыі яшчэ жывуць у тэмпе “падпісання нумара”.

Важным момантам, які ўплывае на менеджмент, варта лічыць таксама канкурэнцыю за ўвагу і час чалавека, каб карыстальнік медыя меў выбар паміж кароткімі фарматамі, грунтоўнымі расследваннямі і спецпраектамі.

Галіна Малішэўская

Асобна эксперт адзначыла выклікі, якія тычыцца людзей (супрацоўнікаў рэдакцый, якія не могуць альбо не хочуць працаваць па-новаму) і грошай, патрэбных для ажыццяўлення рэдакцыйных медыяпланаў.

Дыскусію працягнуў дырэктар ТАА “Выдавецкі дом “Інтэкс-прэс” Уладзімір Янукевіч, які на прыкладзе свайго выдання ў Баранавічах прадэманстраваў пра наспеласць перамен у звычайных медыя.

“Адчуванне, што трэба кардынальна мяняць падыход да працы, прыйшло ў той час, калі людзі ўсё больш чыталі навіны ў інтэрнэце, а газета губляла сваю аудыторыю, — адзначыў Уладзімір Янукевіч. — Вырашылі перабудаваць арганізацыйную структуру, канчаткова змяніць інфармацыйную мадэль газеты, стварыць новую сістэму планавання і арганізацыі працоўнага часу”.

Паводле яго словаў, перабудова ў рэдакцыі праходзіла вельмі балюча і шмат у чым менеджмент не быў падрыхтаваны да працы ў новых умовах. Між тым, знешнія пагрозы вымушалі паскорыць працэс пераходу да новай мадэлі рэдакцыі, у той час як бізнес-мадэль працягвала выпрацоўвацца.

Уладзімір Янукевіч

Уладзімір Янукевіч прызнае, што не абыйшлося і без памылак з боку кіраўніцтва, а супрацоўнікі рэдакцыі былі недастаткова інфармаваныя пра мэты перамен. “Каб дамагчыся зменаў, трэба было выкарыстоўваць самыя розныя падыходы — ад падтрымкі аўтарытэтных супрацоўнікаў да адміністрацыйнага ціску. Акрамя таго, ішла барацьба з пераадоленнем страху, выкліканага пераменамі”, — заўважыў кіраўнік ТАА “Выдавецкі дом “Інтэкс-прэс”.     

Але параўтварэнні далі плён. Калі яшчэ год таму інтэрнэт-пляцоўка выдання прыносіла 6-7% ад агульнага даходу, дык зараз — пры змяншэнні колькасці супрацоўнікаў — анлайн-рэсурс дае 26% агульнага даходу і 43% паступленняў ад рэкламы. Сёння баранавіцкі “Інтэкс-прэс” уяўляе сабой паўнавартаснае анлайн-выданне з вялікай аўдыторыяй, газету з новай інфармацыйнай мадэллю і прафесійны калектыў аднадумцаў.

Віталь Зыблюк

Вельмі карысным для ўдзельнікаў мерапрыемства быў і майстар-клас, які зладзіў Былы рэдактар і генеральны прадзюсер “Еўрапейскага радыё для Беларусі” Віталь Зыблюк. У прыватнасці, падчас інтэрактыўнага абмеркавання прысутныя даведаліся пра тое, як спланаваць працу такім чынам, каб сайт заўважылі і актыўна чыталі. Было і шмат падказак пра практычныя інструменты і лайфхакі, якія могуць быць выкарыстаныя ў працы журналістаў.