916

У блогера Аляксандра Кабанава выяўлены COVID-19, яго калега Сяргей Пятрухін з ізалятара таксама трапіў у бальніцу

12.05.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: COVID-19

Блогеры Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін цяпер знаходзяцца ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бальніцы. Аляксандр Кабанаў трапіў туды 9 траўня пасля таго, як сам выклікаў хуткую дапамогу з-за дрэннага самаадчування.

Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін

Сёння ў другой палове дня лекары паведамілі Аляксандру Кабанаву пра станоўчы тэст на COVID-19. Блогер таксама кажа, што яму дыягнаставалі правабаковую пнеўманію, а сярод сімптомаў — падвышаная тэмпература (37,5-37,7) і ёсць адчуванне, што знікае пачуццё смаку.

Аляксандр Кабанаў распавёў, што тэмпература ў яго трымаецца ўжо каля трох тыдняў: яшчэ з таго часу, калі ён знаходзіўся ў Пінскім раёне. Па словах блогера, у родным Бярозаўскай раёне ён не быў ужо некалькі месяцаў.

У бальніцы Аляксандр Кабанаў падпісаў паперу пра правілы распарадку, дзе абавязаўся не выходзіць з палаты. Тут ён знаходзіцца адзін: у палаце ёсць халадзільнік, тэлевізар, рукамыйніца. Ежу пацыентам прыносяць, а лекары прыходзяць у супрацьвіруснай экіпіроўцы.

Блогер выказаў сваё меркаванне наконт таго, як дзейнічаюць улады ва ўмовах пандэміі:

“Шмат якія захады зараз рабіць ужо позна. У першую чаргу ўлады павінны былі  інфармаваць насельніцтва, папярэдзіць пра тое, што нас чакае. А калі інфармацыі няма, усё выглядае па-іншаму. Заўсёды так было — калі нешта хаваюць, значыць усё не так ужо і добра”, — гаворыць Аляксандр Кабанаў.

У Брэсцкай цэнтральнай гарадской бальніцы, але на іншым паверсе, цяпер знаходзіцца і калега Аляксандра Кабанава —  блогер Сяргей Пятрухін. У яго таксама падвышаная тэмпература. У бальніцу Сяргей Пятрухін трапіў пасля суда, які адбыўся ўчора. Нагадаем, суддзя Дзмітрый Куроўскі прыняў рашэнне арыштаваць блогера на 15 сутак.

Спачатку міліцыянты павезлі Сяргея Пятрухіна з суда ў ізалятар, нават не дачакаўшыся выкліканай хуткай дапамогі. У выніку блогер быў шпітлізаваны ў другой палове дня 11 траўня.

Аляксандр Кабанаў не выключае, што пасля выпіскі з бальніцы яго таксама чакае суд. Блогер распавёў, што некаторы час каля яго палаты знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі. З чым гэта звязана, Аляксандр Кабанаў не ведае, а лекары яму нічога не тлумачаць на гэты конт.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!