269

У Берасьці актывіста судзяць за адмову сьведчыць супраць блогера Сяргея Пятрухіна

20.09.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

20 верасьня ў судзе Ленінскага раёну Берасьця пачаўся суд над працаўніком будаўніцтва акумулятарнага заводу Зьміцерам Андрасюком.

Дзьмітрыя Андрасюка судзяць па артыкуле 402 КК «Адмова альбо ўхіленьне ад дачы паказаньняў»).

Дзьмітрый знаходзіцца на волі, але гатовы да арышту, таму прыйшоў на суд з пакетам неабходных рэчаў. Справу берасьцейскага актывіста разглядае судзьдзя Аляксандар Семянчук.

Дзьмітрыя Андрасюка абвінавачваюць у адмове дачы паказаньняў па крымінальнай справе супраць берасьцейскага блогера Сяргея Пятрухіна (арт. 402 КК — «адмова альбо ўхіленьне сьведкі або пацярпелага ад дачы паказаньняў»). Пакараньне па гэтым артыкуле прадугледжвае штраф, папраўчыя працы тэрмінам да двух гадоў альбо арышт.

14 красавіка Кастрычніцкі суд Магілёва абвінаваціў блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу) ды зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў (артыкул 369 КК). Пятрухіна асудзілі яшчэ за абразу судзьдзі Берасьцейскага абласнога суду Андрэя Лешчанкі (артыкул 391 КК).

Судзьдзя Вольга Краўчанка пакарала мужчын трыма гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Віны блогеры не прызналі. Рашэньнем суду кожнага з падсудных таксама абавязалі выплаціць па 750 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды супрацоўніку магілёўскага АМАП Віталю Аўтушэнку, якога, паводле сьледзтва, зьняважыла публікацыя блогераў у сацыяльных сетках.

Беларускія праваабаронцы прызналі блогераў палітвязьнямі.

Сяргей Пятрухін сёньня адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 3 на Віцебшчыне, Аляксандр Кабанаў — у ПК № 1 у Наваполацку.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!