2471

У Беларусі – чарговая крымінальная справа за дыфамацыю (КАМЕНТАР ЮРЫСТА)

27.06.2014 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Дыфамацыя

У дачыненні да 68-гадовай грамадскай актывісткі Кацярыны Садоўскай завялі справу па ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), – паведамляе naviny.by.

Гэта вынікае з копіі пастановы аб узбуджэнні справы, якую выклала ў сацыяльных сетках праваабаронца Юлія Сцяпанава. Сама Кацярына Садоўская, мяркуючы па подпісе пад дакументам, атрымала яго 26 чэрвеня.

Паводле пастановы, справу распачваў 19 чэрвеня начальнік Савецкага раённага аддзела г. Мінска Следчага камітэта Беларусі, маёр юстыцыі Агафонаў А.Д.

Падставай для крымінальнай справы стаў запіс, які Садоўская пакінула 28 красавіка 2014 г. у кнізе заўваг Савецкага раённага суда Мінска. На яго думку, у допісе Садоўскай утрымліваліся “ў дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зневажальныя выразы і заведама ілжывыя, ганебныя, спалучаныя з абвінавачаннем у здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў звесткі”.

«Так яна, загадзя пасягаючы на гонар, годнасць і аўтарытэт кіраўніка дзяржавы ў сувязі з ажыццяўленнем Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь паўнамоцтваў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй і законамі, публічна зняважыла Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сваім пісьмовым звароце ў органы правасуддзя, ужыўшы зневажальныя словы, словазлучэнні і фразы, якія ўтрымліваюць непрыстойную, прыніжальную ацэнку Прэзідэнта РБ, наносяць урон гонару, годнасці, прыніжаюць аўтарытэт Кіраўніка дзяржавы ў вачах атачэння”, – гаворыцца ў пастанове.

Па каментар прэс-служба ГА “БАЖ” звярнулася да юрыста, намесніка старшыні арганізацыі Андрэя Бастунца:  

“Гэты выпадак, безумоўна, стаіць у шэрагу абмежаванняў свабоды выказвання, якія адсочвае БАЖ. Наогул, наша арганізацыя паслядоўна выступае за дэкрыміналізацыю артыкулаў аб знявазе і паклёпе на вышэйшае кіраўніцтва і чынавенства, якое дае ім ўзмоцненую абарону ад крытыкі. Хацеў бы таксама падкрэсліць, што “знявага” – гэта “наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці, выказанае ў непрыстойнай форме”. Наколькі “непрыстойнай” была форма выказвання Кацярыны Садоўскай – гэта тое пытанне, якое павінныя высветліць следства і суд”.

Ч. 2 арт. 368 прадугледжвае пакананне ў выглядзе штрафу альбо папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, альбо абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў, альбо пазбаўлення волі на той жа тэрмін.

БелаПАН нагадвае: У кастрычніку 2006 г. Садоўская ўжо была прызнаная вінаватай у парушэнні ч. 2 арт. 368 КК РБ (знявага прэзідэнта). Гэтая знявага заключалася, па меркаванні суда, у тым, што Садоўская патрабавала правесці псіхіятрычную экспертызу кіраўніка дзяржавы. Яе таксама прызналі вінаватай па арт. 389 (пагроза ў дачыненні да суддзі альбо судовага засядальніка) і арт. 391 (знявага суддзі і судовага засядальніка). Суд Ленінскага раёна Мінска асудзіў яе на два гады калоніі. Яе ўмоўна-датэрмінова вызвалілі ў маі 2007 года “за ўзорныя паводзіны”.

ДАВЕДКА ГА “БАЖ”: Кароткая гісторыя «крымінальнай дыфамацыі» ў Беларусі

Першыя справы па артыкулах 367-368 КК, якія прадугледжваюць адказнасць за паклёп і знявагу прэзідэнта краіны, былі ўзбуджаныя ў 2002 годзе, пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў. Галоўны рэдактар газеты “Пагоня” Мікола Маркевіч і яе карэспандэнт Павел Мажэйка атрымалі адпаведна 2 і 1,5 гады абмежавання волі за артыкулы, якія нават не дайшлі да чытача, бо нумар газеты быў арыштаваны яшчэ ў друкарні падчас вытворчасці. “Пагоню” закрылі; журналісты адбывалі пакаранне ва ўстановах адкрытага тыпу --“на хіміі”. Паводле закона “Аб амністыі” тэрмін абодвум быў скарочаны на год.

У гэты ж час вінаватым у паклёпе і знявазе прэзідэнта (праз перадрукоўку артыкула з інтэрнэта і калаж) быў прызнаны рэдактар газеты “Рабочы” Віктар Івашкевіч. Вырак  – два гады абмежавання волі. Праз год Івашкевіч таксама вызваліўся па амністыі.

У наступным, 2003-м, годзе за крытыку мясцовых уладаў пацярпеў галоўны рэдактар газеты “Вечерний Столин” Аляксандр Ігнацюк. Суд прызнаў яго вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Найвышэйшая санкцыя па гэтым артыкуле - да трох гадоў абмежавання волі. Ігнацюку прысудзілі штраф у памеры 30 базавых велічынь, што складала на той час каля 230 долараў.

Самай гучнай у звязку з публічнай абразай прэзідэнта ў 2004 годзе стала справа прадпрымальнікаў В.Леванеўскага і А.Васільева: за фразу, надрукаваную ва ўлётцы, абодва атрымалі па два гады пазбаўлення волі. (Гэты выпадак не тычыўся наўпрост журналістыкі.)

Калі ж казаць аб інцыдэнтах, звязаных менавіта з журналістамі ды СМІ, то ў 2005-м да крымінальнай адказнасці быў прыцягнуты рэдактар газеты “Борисовские новости” Анатоль Букас, прызнаны вінаватым у паклёпе на рэдактара мясцовай дзяржаўнай газеты. Букасу прысудзілі выплаціць 40 базавых велічыняў штрафу, а таксама тры мільёны рублёў на карысць пакрыўджанай рэдактаркі – у якасці кампенсацыі яе маральных страт.

У 2006-м годзе, ізноў пасля электаральнай кампаніі, за свае публікацыі атрымалі афіцыйныя папярэджанні ад пракуратуры журналістка Ірына Халіп і палітык Андрэй Клімаў. У красавіку 2007-га Клімаў быў арыштаваны, а ў верасні - асуджаны. За артыкулы, апублікаваныя  ў Інтэрнэце, ён атрымаў 2 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Клімаў датэрмінова выйшаў з турмы ў адпаведнасці з прэзідэнцкім указам аб памілаванні.

Таксама ў 2007 годзе па факце знявагі дырэктара мясцовага прадпрыемства была ўзбуджана крымінальная справа супраць выдаўца і рэдактара незарэгістраванай маланакладнай газеты “Шклоўскія навіны” Аляксандра Шчарбака. Яна была спыненая ў судзе з прычыны замірэння бакоў; Шчарбак папрасіў у пацярпелага прабачэння і абавязаўся сплаціць яму 500 тысяч рублёў маральнай шкоды.

У вядомай справе аб паклёпе на генерала КДБ І. Каржа (2010 г.) журналісткі Марына Коктыш, Святлана Калінкіна, Ірына Халіп і Наталля Радзіна праходзілі як сведкі. Але, хоць журналістак тут і не вінавацілі ў паклёпе ці абразах, падчас свайго “ўдзелу ў справе” яны перажылі розныя формы ціску: допыты, ператрусы, выняцце тэхнікі і абсталявання. Наталля Радзіна была збітая міліцыянтам.

У 2011 г. за паклёп на прэзідэнта да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады быў асуджаны гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут. У 2012 г. супраць яго была зноў распачата справа па тым жа артыкуле. Паколькі тэрмін адтэрміноўкі пакарання яшчэ не скончыўся, у выпадку паўторнага асуджэння журналіст мусіў быць накіраваны ў месцы пазбаўлення волі. Аднак у 2013-м справа супраць яго была спыненая.

У 2012 годзе распачалі крымінальную справу ў дачыненні да журналіста Мікалая Петрушэнкі. Падставай для абвінавачання стала яго публікацыя на сайце nash-dom.info, якая нібыта ўтрымлівала публічныя знявагі на адрас намесніка старшыні Аршанскага гарвыканкама. Пасля лінгвістычнай экспертызы справа была закрытая ў кастрычніку 2012 г. праз адсутнасць ў дзеяннях Петрушэнкі складу злачынства.

У лютым 2014 г. пракуратура г. Бабруйска ўзбудзіла справу па арт. 369 КК РБ – «публічная знявага прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў». У паведамленні УУС Магілёўскага аблвыканкама сцвярджалася,  што «на працягу 2012-2013 гадоў на персанальным сайце «Блог Алега Жалнова», размешчаным у глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт, і іншых рэсурсах быў апублікаваны шэраг абразлівых матэрыялаў у дачыненні да супрацоўніка міліцыі». Справа не закрытая.