221

У байнэце з'явіўся сайт з самай доўгай назвай — 50 знакаў

09.01.2019 Крыніца: Nn.by

Як паведамляе кампанія hoster.by, тэхнічны адміністратар нацыянальных даменных зон.BY /.БЕЛ, у снежні 2018-га з'явіўся сайт з самым доўгім даменным іменем, з існуючых сёння ў Байнэце.

Рэкордным стала імя refrizherator-holodilnaja-ustanovka-kondicioner.by, яно складаецца з пяцідзесяці знакаў. На ім размешчана інфармацыя аб рэфрыжэратарах, халадзільных устаноўках і аўтамабільных кандыцыянерах. Другое месца, 44 сімвала, сярод самых доўгіх даменных імёнаў на лацінцы займае ritualno-memorialnaya-kompaniya-soligorsk.by.

А самым доўгім кірылічным даменным іменем у 2018 годзе стала солигорский-государственный-колледж.бел — у ім 39 знакаў. Да гэтага самая доўгая назва была ў неіснуючага зараз сайта трубы-на-газовую-колонку-и-котел-в-гродно.бел (45 сімвалаў), і яно ўпэўнена трымала першае месца ўвесь 2017 год.

«У эпоху смартфонаў усё радзей карыстальнікі ўручную набіраюць імёны сайтаў у адрасным радку, — распавядае генеральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў. — Таму даўжыня даменнага імя цяпер не настолькі крытычная, як некалькі гадоў таму. Аднак, памер даменнага імені ў нацыянальнай зоне.BY /.БЕЛ мае тэхнічныя абмежаванні: максімальна дазволеная даўжыня складае 63 сімвалы без уліку даменнай зоны. Так што беларусам, якія прыдумляюць імёны сваіх сайтаў, ёсць куды расці».