174

У Батумі адбылася акцыя салідарнасці з беларускімі журналістамі

09.09.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

8 верасня ў цэнтры Батумі ў Грузіі адбылася акцыя салідарнасці з незалежнымі медыя ў Беларусі. Паўсотні ўдзельнікаў акцыі назвалі імёны беларускіх журналістаў, якія цяпер у зняволенні, пералічылі медыя, што патрапілі пад рэпрэсіі.


На думку актывістаў і арганізатараў акцыі, без незалежнай прэсы Беларусь можа ператварыцца ў Паўночную Карэю, дзе застанецца толькі дзяржаўная прапаганда.

Шмат хто з незалежных журналістаў вымушаныя былі пакінуць Беларусь і цяпер знаходзяца за яе межамі. Па неафіцыйных звестках, толькі ў Грузіі знаходзяцца з паўсотні беларускіх журналістаў, таксама калегі пераехалі ў Польшу, Літву, Украіну.

Да месца правядзення акцыі прыйшла і Людміла Шарамет — маці вядомага беларускага журналіста Паўла Шарамета, які быў забіты ў Кіеве. Яна заклікала не спыняцца ў адстойванні свайго права на свабоду слова.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!