846

У Бабруйску зладзілі медыяланч для журналістаў мясцовых СМІ

02.03.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", фота Марыны Маўчанавай

Мерапрыемства арганізавала праваабарончая ўстанова “Офіс па правах людзей з інваліднасцю” сумесна з бабруйскімі арганізацыямі, якія займаюцца праблемамі людзей з інваліднасцю. Медыяланч прайшоў 28 лютага ў бабруйскім тайм-клубе «13:87». У ім прынялі ўдзел журналісты з пяці выданняў.

Арганізатары прэзентавалі для журналістаў і іншых удзельнікаў праграму «Повестка-50». Асаблівасць гэтага праекту ў тым, што ён прапануе паглядзець на праблемы з пункту гледжання саміх людзей, якія маюць інваліднасць.

Таксама бабруйскія актывісткі прадставілі сваю «Школу працаўладкавання». Яны падрабязна распавялі ў прэзентацыі пра тое, што плануюць зрабіць у якасці дапамогі такім людзям.

Паводле кіраўнікоў «Школы працаўладкавання», на сёння ў Бабруйску пражывае 10 358 людзей, што маюць інваліднасць. З іх працуюць толькі 17,2 %. Між тым на прадпрыемствах Бабруйска ў цяперашні час няма ўмоў для такіх работнікаў.

Па словах намесніка дырэктара офіса па правах людзей з інваліднасцю Міхаіла Мацкевіча, цяперашняя сістэма работы з інвалідамі – недастатковая эфектыўная. І «Повестка-50» прапануе змяніць падыходы: каб самі людзі, якія маюць праблемы са здароўем, вырашалі, рабілі выбар, а не дзяржава за іх.

Міхаіл Мацкевіч адзначыў, што ў межах «Повестки-50» у Бабруйску рэалізуецца некалькі ініцыятыў, накіраваных на працаўладкаванне такіх людзей і іх адаптацыю ў грамадстве.

Прадстаўнік Бабруйскага гарвыканкама ахарактарызавала агульную сітуацыю з такім працаўладкаваннем у горадзе. Паводле яе слоў, ў 2017 годзе працу знайшлі  97 чалавек з інваліднасцю. З іх 52 чалавекі –  па існуючых квотах, астатнія – адкрылі ІП ці працаўладкаваліся самастойна.

На медыяланчы прысутнічалі журналісты з «Бобруйского курьера», «Вечернего Бобруйска», «Коммерческого курьера», «Бабруйскага жыцця», інтэрнэт-партала Бобр.бай.

Па заканчэнні мерапрыемства ў журналістаў была магчымасць у нефармальнай абстаноўцы пагутарыць са спікерамі і з грамадскімі актывістамі.