580

У Бабруйску задаліся пытаннем «Як выжыць інтэрнэт-выданню?»

19.10.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Сябры ГА “БАЖ”з Бабруйску правялі семінар на тэму «Вопыт работы інфармацыйных інтэрнэт-выданняў у рэгіёне», у якім прынялі ўдзел дзесяць чалавек.

Семінар прайшоў на базе электроннай газеты «Бобруйский курьер». Лектарам выступіў інтэрнэт-менеджэр, які супрацоўнічае з «БК».

Былі разгледжаныя пытанні прасоўвання падобных праектаў у інтэрнэце, методыка працы персанала сайту, спосабы заробку ў сучасных умовах.

Галоўнай тэмай і лейтматывам семінара была праблематыка развіцця й выжывання электроннага выдання ў рэгіёне, — выжывання творчага, тэхнічнага, фінансавага,  кадравага.

З дапамогай слайдаў удзельнікі мерапрыемства разгледзелі найбольш удалыя інтэрнэт-праекты, абмеркавалі свае творчыя, тэхнічныя магчымасці для далейшага развіцця сайта «Бобруйский курьер», выказалі прапановы, ідэі і заўвагі.

«Такі семінар — важны, вельмі своечасовы, бо многія з нас «газетныя» журналісты, якія не знаёмыя з шэрагам патрабаванняў інтэрнэт-журналістыкі, інтэрнэт-СМІ. Між тым журналісты, тэхнічны персанал сайтаў павінны адпавядаць, так бы мовіць, сучасным выклікам. Без гэтага, без падобнага роду ведаў і вопыту немагчыма рабіць паспяховы інтэрнэт-праект», — кажа галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка.

Сайт «Бобруйского курьера» быў заснаваны ў чэрвені 1998 года. За мінулыя гады неаднаразова мадэрнізаваўся, уводзіліся новыя рубрыкі, мультымедыя, опцыі і функцыі. Апошнія па часе змены былі зробленыя ў студзені гэтага года: на сайце быў зроблены рэдызайн; ён пераехаў на новую, сучасную платформу.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!