820

У Бабруйску ўзнагародзілі пераможцаў Першага творчага конкурсу ГА "БАЖ"

28.05.2018 Крыніца: Марына Маўчанава для baj.by

Ініцыятарам і арганізатарам творчага конкурсу ГА "БАЖ" стала бабруйская філія. Пераможцаў конкурсу выбіралі ў трох намінацыях: паэзія, мастацкае фота, аўтарская песня.

Конкурс цягнуўся больш за месяц. Журналістаў з усёй Беларусі заклікалі паспрабаваць свае сілы ў паэзіі, мастацкай фатаграфіі і аўтарскай песні. Пераможцаў запрасілі ў Бабруйск на ўрачыстае ўзнагароджанне, якое адбылося 27 траўня.

Першым пунктам праграмы была экскурсія для гасцей па горадзе, якую правяла старшыня бабруйскай суполкі ГА "БАЖ" Марына Маўчанава. Канкурсанты і чальцы журы пабачылі самыя цікавыя помнікі Бабруйска — касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дом купчыхі Кацнальсан — былую “зялёную бібліятэку”, завіталі ў крэпасць, прагуляліся па Сацыялцы, сфатаграфаваліся са знакамітым бабром і завяршылі шпацыр каля помніка ахвярам рэпрэсій.

Марына Маўчанава

Узнагароджанне адбывалася ў тайм-клубе “1387”. Там жа была адкрытая фотавыстава з работ у намінацыі “Мастацкае фота”.

Лепшымі прызналі фотаздымкі Аляксандра Чугуева, фотакарэспандэнта газеты “Вечерний Бобруйск”.

Аляксандр Чугуеў

Другое месца атрымала Александрына Глаголева, журналістка газеты “Бабруйскі кур’ер”, трэцяе — Аляксандр Храмко, фотажурналіст з Горак.

Александрына Глаголева

Вызначалі пераможцаў сябры журы: бабруйскі фатограф Уладзімір Шарнікаў, фотажурналіст з Барысава Аляксандр Зянкоў, фатограф з Мінска і ўраджэнец Бабруйска Васіль Фядосенка.

Кацярына Марголь

Фіналісты і журы намінацыі “Паэзія” чыталі свае вершы. Пераможцай стала Кацярына Марголь, рэдактар і журналіст часопіса On Air.

Варвара Чаркоўская

Другое месца — у Варвары Чаркоўскай з Салігорска, трэцяе — у Аляксея Белага з Баранавіч.

Аляксей Белы

У журы ўвайшлі паэт, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, паэт, пісьменнік, галоўны рэдактар газеты “Бабруйскі кур’ер” Анатоль Санаценка, паэт і журналіст Дзмітрый Растаеў.

Анатоль Санаценка

У цэнтры — Андрэй Бастунец

У намінацыі “Аўтарская песня” перамог Георгій Станкевіч з в. Старыя Ранчыцы (Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці).

Канкурсанты і госці фэста пачулі невялікі, але вельмі душэўны канцэрт. Барды Аляксандр Ільін, Андрэй Павук, Павел Бузько — заспявалі пад гітару свае песні.

Андрэй Шобін

Напрыканцы імпрэзы галоўны арганізатар фэста Андрэй Шобін паабяцаў, што гэты творчы конкурс быў першым, але будзе не апошнім. Ён спадзяецца, што конкурс стане добрай бабруйскай традыцыяй.

Фота Уладзіміра Шарнікава