221

У Бабруйску пройдзе творчая сустрэча памяці Алеся Адамовіча з удзелам яго дачкі

17.01.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

На мерапрыемстве выступяць дачка пісьменніка Наталля Адамовіч і лідар ініцыятывы “Прыпынак Адамовіча”, ініцыятар збору сродкаў на бюст літаратару ў вёсцы Глуша Андрусь Архіпенка.

Алесь Адамовіч з дачкой Наталляй

Сустрэча адбудзецца 20-га студзеня, у 11.00, у тайм-клубе “1387”. Арганізатары — бабруйская суполка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, інтэрнэт-газета “Бабруйскі кур’ер” і ініцыятыва “Прыпынак Адамовіча”.

Ініцыятыва “Прыпынак Адамовіча” паўстала ўвесну 2018-га года, калі бабруйчанін Андрусь Архіпенка і ягоныя аднадумцы вырашылі ператварыць звычайны аўтобусны прыпынак у вёсцы Глуша ў арт-аб’ект, прысвечаны Алесю Адамовічу. У ініцыятыву ўвайшлі кіраўніца бабруйскай суполкі БАЖ Марына Маўчанава і журналістка, сябра БАЖ Алеся Лацінская. Разам неабыякавыя бабруйчане правялі конкурс праектаў прыпынка і спрыялі рэалізацыі самай цікавай ідэі.

Андрусь Архіпенка летась правёў паспяховую краўдфандынгавую кампанію і сабраў больш за дзевяць тысяч беларускіх рублёў на будучы помнік Адамовічу ў Глушы. На вечарыне памяці актывіст распавядзе, як змагаецца за годнае ўшанаванне памяці пісьменніка.

Алесь Адамовіч — постаць еўрапейскага маштабу, разам з Васілём Быкавым – сумленне нашай нацыі, “беларускі Вацлаў Гавэл”. 26-га студзеня споўніцца ўжо 25 гадоў, як Адамовіча няма з намі. Але ягоную спадчыну важна захаваць і перадаць нашчадкам.

Алесь Адамовіч — не толькі пісьменнік, але і публіцыст. Ён працаваў на мяжы літаратуры і журналістыкі. Быў адным з пачынальнікаў жанраў нон-фікшн і вербацім у беларускай літаратуры, публіцыстыцы. Ён даваў гісторыі і сучаснасці самой распавядаць пра сябе — галасамі сведкаў падзей. Адамовіч не баяўся падымаць самыя вострыя пытанні, актуальныя як для кожнага чалавека, так і для чалавецтва агулам — вайна, рэпрэсіі, злачынствы супраць чалавека, права кожнага на жыццё, наступствы Чарнобылю.

У праграме мерапрыемства:

  • Творчая сустрэча з дачкой Алеся Адамовіча Наталляй Адамовіч;
  • Прэзентацыя мультымедыйнага праекта бабруйскай суполкі ГА “БАЖ” пра Алеся Адамовіча і ягоную малую радзіму — вёску Глуша;
  • Выступ Андруся Архіпенкі — актывіста і ініцыятара ідэй арт-аб’екта “Прыпынак Адамовіча” і бюста пісьменніку ў Глушы.

Пачатак — 11.00. Працягласць — да 13.00.

Адрас: тайм-клуб “1387”, вул. Чангарская, 54.

Уваход вольны.

Падрабязнасці: ТУТ і ТУТ.

Дадатковая інфармацыя па тэлефоне: +37529 241 82 90 (Марына)