2471

У Бабруйску падчас ператрусу ў офісе грамадскіх актывістаў канфіскавалі «Новы час»

09.03.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

На сустрэчу дэмакратычных сілаў Бабруйску прыйшлі тры міліцыянты. 

Пра гэта паведаміла каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” ў Магілёўскай вобласці ў Бабруйску Таісія Кабанчук.

«Самым нахабным чынам праводзяць ператрус, лазяць пад сталамі, канапамі, на паліцах. Усё, што ім не падабаецца — буклеты БХД, «Маладых дэмакратаў», газеты «Новы Час» — складваюць асобна. Прывялі панятых. Дакументы і пастановы не прад’яўляюць, кажуць, што маюць на ўсё гэта права. У мяне падпалкоўнік Рудзько з рук вырываў торбу. Нікому нічога не тлумачаць. Мы патэлефанавалі ў 102, а там сказалі, што гэта кіраўніцтва і яно ўсё робіць правільна», — адзначыла яна.

Больш за гадзіну міліцыянты перабаралі паперкі, фатаграфавалі плакаты. У выніку склалі пратакол, забралі буклеты БХД, а таксама 155 асобнікаў газеты «Новы час».

У гэтым нумары за 20 студзеня 2017 года быў надрукаваны арыткул да 100-годдзя беларускай хрысціянскай дэмакратыі. 

"Новы час" — грамадска-палітычны недзяржаўны штотыднёвік, выходзіць на беларускай мове.

Фота Facebook Denis Hudovets

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!