768

У Бабруйску на Дзень Незалежнасці забаранілі фота- відэаздымку

04.07.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

З 29 чэрвеня па 3-га ліпеня ў Бабруйску праходзіла адразу чатыры святы: 630-годдзе горада, 73-я гадавіна вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Міжнародны фестываль народнай творчасці «Вянок дружбы» і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Міліцыя абшуквае блогера «Бобруйского курьера» Уладзіміра Лазарава

Падчас правядзення святаў журналісты звярнулі ўвагу, што ў цэнтры горада была забароненая фота- відэаздымка. Пра гэтую забарону папярэджвалі адмысловыя шчыты пры ўваходзе на абгароджаную тэрыторыю.

Прычым, калі адзін з мясцовых актывістаў стаў здымаць, як міліцыя абшуквае блогера «Бобруйского курьера» Уладзіміра Лазарава, тут жа падбег афіцэр міліцыі і праінфармаваў, што здымаць у гэтым месцы катэгарычна забаронена.

Нагадаем, мы ўжо пісалі пра «новаўвядзенні» ў Бабруйску. 1 мая бабруйская міліцыя забараніла праносіць фотаапараты ў гарадскі парк культуры і адпачынку — на «Свята вясны і працы». Інфармыцыя пра гэта была размешчаная супрацоўнікамі міліцыі на спецыяльным стэндзе адразу пад выявай пісталета і надпісам «Зброя, боепрыпасы».

Такія ж шчыты былі расстаўленыя і на святы, што праходзілі ў Бабруйску 29-га чэрвеня — 3-га ліпеня.

«Ствараецца ўражанне, што бабруйскія ўлады на час правядзення «сваіх» святаў, «адключаюць» Канстытуцыю і закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Бо 34 артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне інфармацыі, у тым ліку — аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, аб культурным жыцці. А закон «Аб СМІ», акрамя гэтага, замацоўвае за журналістамі права прысутнічаць на месцы правядзення масавых, культурных мерапрыемстваў і асвятляць іх. Гэтая ж забарона бабруйскіх уладаў, па сутнасці, «адмяняе» беларускае заканадаўства», — мяркуе галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!