НЕ - ВАЙНЕ!
522

У Бабруйску другі раз затрыманы журналіст-фрылансер Андрэй Карэлін. UPD: На свабодзе

06.12.2021 Крыніца: Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў

Журналіста-фрылансера з Бабруйска Андрэя Карэліна затрымалі 6 снежня.

Як паведамілі Reform.by сябры Андрэя, сілавікі прыйшлі да яго дадому. Журналіста адвезлі ў аддзяленне міліцыі. 

Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, Андрэя Карэліна адпусцілі з пастарунку. У яго адбыўся ператрус. Журналіст праходзіць у якасці сведкі па крымінальнай справе. Цяпер ён на волі.

У лістападзе Андрэя Карэліна асудзілі на 12 сутак за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт.19.11 КаАП РБ). Нагодай для затрымання тады стала гісторыя ў архіве Instagram журналіста, на фота быў лагатып выдання, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. Пры затрыманні ў яго правялі ператрус, забралі тэлефон і ноўтбук. На волю ён выйшаў 24 лістапада.

Для «палітычных» у Бабруйскім ІЧУ былі створаны асаблівыя ўмовы: у камеры на трох чалавек знаходзілася пяцёра. Спаць прыходзілася на драўляных ложках без матрацаў і пасцельнай бялізны. Начамі супрацоўнікі ізалятара рэгулярна праводзілі праверкі — трэба было падысці да так званай «кармушкі» і назваць свае імя і прозвішча. Любыя перасоўванні па-за камерай (на суд, ці падчас ранішніх ці вячэрніх праверак) - толькі ў кайданках.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!